top of page

"Дарогамі роднай зямлі..." Да 100-годдзя Уладзіміра Рагуцкага

9 снежня 2017 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння паэта Уладзіміра Рагуцкага.

Уладзімір Лаўрэнавіч Рагуцкі нарадзіўся 9 снежня 1917 г. у в. Цёплае Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў настаўніцкай сям’і.

Вучыўся ў школе ў в. Старое Пашкава Магілёўскага раёна, дзе яго настаўнікам быў беларускі паэт Янка Журба. Скончыў літаратурны факультэт Мінскага педінстытута. З 1939 г. працаваў у абласной газеце ''Камунар Магілёўшчыны'', адкуль быў прызваны ў армію.

Загінуў на фронце ў першых баях на заходняй мяжы.

Першы верш апублікаваў на старонках газеты «Піянер Беларусі» ў 1934 г. У 1940 г. Дзяржаўным выдавецтвам БССР быў прыняты да друку першы зборнік яго вершаў, але рукапіс не ацалеў, быў згублены ў час вайны.

Друкаваўся ў газетах «Камунар Магілёўшчыны», «Літаратура і мастацтва», "Чырвоная змена", часопісе «Полымя рэвалюцыі». Асобныя вершаваныя творы змешчаны ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967), «Покліч долі адзінай» (1979), «Анталогія беларускай паэзіі» (1993. т. 2)

і некаторых іншых.

жжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжж

ЧАЙКА

Спала мора, поўнае спакою, Скованае сном і цішынёй. Нат усе хмурынкі над вадою Застывалі гэтаю парой. Чайка ж захлыналася ад піску І спакойна лётала адна... Спудзіць сон — глыбокі, багатырскі — Як відаць, задумала яна. Чайка мора дужае збудзіла, А сама загінула ў імгле, Каб зрабіцца хваляй белакрылай І спачыць на каменнай скале.

1940 г.

ХВОЯ

Цябе любіць ранак золкі, Любіць ясная зара, Пасля дожджыка вясёлка Абнімае, як сястра. І, як вечарам паволі Ахіне прастор імжа, На тваім шырокім голлі Зоры спелыя дрыжаць. І стаіш ты, ані дбаеш, Над глыбокаю ракой, У люстэрка пазіраеш, Умываешся расой. Рэюць песні над табою, Спеюць ягады вакол, Але заўтра, раніцою, Ты павалішся на дол. А як скоцішся з абрыву, Я скажу: — Шчаслівы пуць! За табою над вадою Мае мары паплывуць. Па імклівых водах нашых Будзе шлях твой да пары: Мае мары разгадаўшы, Спыняць дзесь цябе сябры. Змераць поглядам любоўным... І тады — у іх руках — Станеш скрыпкаю цудоўнай, Небывалай у вяках. Для прыгожай гордай мэты Зберагуць цябе як след, — І на конкурсе сусветным Здзівіш музыкаю свет. Будзе дзень вялікі гушкаць Тваю песню на руках. Запяюць чароўна птушкі Пад узмахамі смычка. Нават пушчы загамоняць, Зашумяць на ўсе лады. Гучна ў яблыкі зазвоніць Сад багаты, малады. Будзе сэрца калыхацца На высокіх хвалях струн. Акрыляе гром авацый Славы нашае зару.

1938 г.

НА ЎСПАМІН

Хутка з кіпарысамі, з гарою Развітанне сумнае прыйдзе. Возьмуць рэчы розныя з сабою На ўспамін таварышы мае. Я на ўсё пытліва пазіраю. Ўсхвалявала думка і мяне: Што душою ў Крыме ўпадабаю — Зберагу ў далёкай старане. Мне не трэба чашкі адмысловай, На здзіўленне свету усяму, Не вазьму адкрытак каляровых І шкатулкі рэдкай не вазьму, Не вазьму і кветак беласнежных — Не вазьму найлепшай пекнаты... І пайду не блукаць па ўзбярэжнай, А пайду на бераг на круты. Там, дзе пырскі падаюць далёка, Рэжуць чайкі крыллямі ваду, — Я вазьму каменьчык круглашчокі І ў сваю кішэню пакладу. Каб і там, дзе мора не спаткаю, У хвіліну марнае гульбы, Як рука ў кішэню завітае, Я не мог аб моры пазабыць. Каб убачыць: родныя прыбоі Коцяць камні — словам не сказаць!.. Каб запомніць: з мужнасцю якою Трэба кожны камень абрабляць.

1940 г.

ПАШТАЛЬЁН

Вокны насцеж — сонца залатое! Азіраю пышны далягляд: Хтось ідзе цяністай стараною, — Зачарован зеленню прысад, Хараством блакітнага світання, Прывітальным посвістам сініц... Сам асыпан пылам красавання Белакудрых грэчак і пшаніц. Пазнаю я русую чупрыну І яго вясёлую хаду. На спатканне — стройная дзяўчына, Несучы крынічную ваду. Вось яны вітаюцца шчасліва, І знімае ён, бы незнарок, Сумку з плеч, напханую рупліва, І спыняе дзеўчына свой крок. Славіць сонца радасць маладую. Цвет губляе топаль ля акон, І пісьмо ад мілага — мяркую — Падае дзяўчыне паштальён. І пісьмо — здаецца мне — здалёку, Ці не з мора сіняга ужо? Мо з Адэсы, мо з Уладзівастока, з Камсамольска-горада няўжо? Адно бачу: лёгкая трывога, Пунсавеюць шчокі, як зара. І вада плюскоча на дарогу Ручаямі срэбнымі з вядра. І стаіць разгублена дзяўчына... Як у вершы гэта расказаць? Паштальён хаваецца за тынам, І прыгожа вішні шалясцяць!

1937–1938 гг.

Старое Пашкава

17 ВЕРАСНЯ

Каліны схіліліся нізка, І плакаў засмучаны гай. Матуля ў журбе над калыскай Спявала: — Ой, баюшкі, бай! Ты станеш на ногі, саколік, А долі не знойдзеш нідзе, І спевам птушыным ніколі Цябе не парадуе дзень. Яшчэ ад маленства да смерці Зазнаеш нямала прынук, — На панскіх абшарах прыйдзецца Згінацца за працай у крук. А сцежкі-шляхі да навукі Для нас зараслі палыном... — І раптам — на вуліцы грукат. Матуля зірнула ў акно. Грымелі магутныя танкі — Чырвоныя войскі ішлі — На новы матыў калыханку У бедную хату няслі.

1939 г.

НЕЗАБУДКІ

Я цяпер не ведаю спакою: Усхвалёван раннем залатым, Калі спудзіў качак над вадою, Бег да кветак берагам крутым. Доўга думкі роіліся: цуда! Ты згубіла вочы між травы... Гэтых воч ніколі не забуду, Бо яны глыбокія, як вір. Бо часамі мроіцца усюды Прамяністы погляд малады... А тым больш ніколі не забуду Цягніка знікаючага дым. Не забыць, як вольнымі часамі Маляваць любіла кожны раз, — Вырасталі кошыкі з грыбамі, Караблі і сонечны гараж. Як вясною часта з захапленнем Праз акно на белыя сады Ты глядзела ў лёгкім задуменні... Ну, аб чым ты думала тады? Мы аб гэтым гутаркі не мелі, Ды было не цяжка адгадаць: — Дзе знайсці такія акварэлі, Каб такую радасць перадаць! Вось мяне на золаку румяным Сёння сцежка ціхая вядзе: Я цяпер прыходжу кожны ранак — Светлых незабудак паглядзець.

1938 г.

ПРАХОДЖУ Я...

Мінаючы звонкія сосны, Бурлівыя рэкі, палі, Праходжу я вечарам росным, Дарогамі роднай зямлі. І чую, як нівы гамоняць, Шумяць сінявокія льны, Па сёлах спяваюць гармоні Прыгожыя песні вясны. І мне не стрымаць хвалявання, Не выказаць радасць сваю — Я песням іду на спатканне І песням руку падаю... З вясёлым агнём маладосці Над краем яны расцвілі. І месяц і зоры зайздросцяць Над стэпам і борам, калі, Мінаючы звонкія сосны, Бурлівыя рэкі, палі, Праходжу я вечарам росным Дарогамі роднай зямлі.

Старое Пашкава

жжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжж

У в я н о к п а м я ц і

Мікола Аўрамчык

ПАЭТ І ЧАЙКА

Мікола АЎРАМЧЫК

Прозвішча Рагуцкага запала мне ў памяць яшчэ з дзесяцігодкі. Яго вершы паявіліся тады ў «Чырвонай змене» і час ад часу друкаваліся на старонках «Літаратуры і мастацтва» і «Полымя рэвалюцыі».

Калі я паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, я не ведаў, што ў ім вучыцца Уладзімір Рагуцкі. У кастрычніцкім нумары «Полымя рэвалюцыі» быў змешчаны яго верш «Хвоя». Аляксей Коршак хадзіў па інстытуцкім калідоры і на памяць чытаў уголас радкі з гэтага верша.

Нехта са старшакурснікаў пахваліўся, што гэты верш напісаў іх студэнт, і паказаў нам Рагуцкага, чарнявага хлопца з мілым дзявочым абліччам.

Праз нейкі месяц «Полымя рэвалюцыі» на адным развароце надрукавала побач яго і мой вершы. Мы былі імяніннікамі... Хтосьці тады і пазнаёміў мяне з Рагуцкім.

Як-ніяк ён быў усё-такі трэцякурснік, дый па ўзросце старэйшы за мяне на тры гады. Таму я звычайна неяк нясмела падыходзіў да яго на перапынках. А Уладзімір таксама быў сарамлівы і заўсёды ветлівы... У дадатак, як і большасць старшакурснікаў, ён ужо сур’ёзна рыхтаваўся да самастойнай працы ў жыцці, не сланяўся без справы і не бурапеніў, як мы, першакурснікі.

Мы зрэдку сустракаліся на калідорах, чыталі адзін аднаму свае вершы.

Янка ЖУРБА

Відаць, любоў да літаратуры, асабліва да паэзіі, яму прышчапіў яго настаўнік, вядомы беларускі паэт Янка Журба, які вучыў Рагуцкага ў Пашкаве на Магілёўшчыне. Уладзімір неаднойчы расказваў мне пра свайго настаўніка.

Памятаю, як я ўпершыню ўбачыў Журбу, калі ён прынёс у рэдакцыю газеты «Піянер Беларусі» новыя вершы. Пры размове з ім я ўспомніў пра Рагуцкага. Трэба было бачыць, як засвяціўся радасцю твар Журбы, як з гонарам ён сказаў тады:

— О, дык гэта ж мой вучань!.. Я цяпер уважліва сачу за яго вершамі...

Пасля заканчэння інстытута Уладзімір да прызыву ў армію працаваў у рэдакцыі газеты «Камунар Магілёўшчыны». Ён здаў у выдавецтва зборнік сваіх вершаў. Рукапіс гэтага зборніка загінуў.

Больш я не сустракаўся з Рагуцкім. Помню толькі, што ўлетку 1940 года ў «Літаратуры і мастацтве» прачытаў два яго вершы. Адзінз іх, пра чайку, заканчваўся радкамі:

Чайка мора дужае збудзіла,

А сама загінула ў імгле,

Каб зрабіцца хваляй белакрылай

І спачыць на каменнай скале.

Як гэтая чайка, і сам паэт загінуў у імгле вайны.

У апошні год вучобы Уладзімір падараваў мне фотаздымак і некалькі сваіх вершаў, што былі перапісаны на старонках з вучнёўскага сшытка. Вершы, на жаль, не захаваліся. А фотаздымак уцалеў. Ён змяшчаўся ў кнігах «Мы іх не забудзем» і «Крывёю сэрца». З гэтага фотаздымка зроблены партрэт, які вісіць у Доме пісьменнікаў.

жжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжжж

bottom of page