top of page

Вечарына да 100-годдзя Уладзіміра Рагуцкага


Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта Уладзіміра Рагуцкага была прысвечана літаратурная вечарына, якая адбылася 9 снежня ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна.

Пра жыццёвы шлях паэта распавёў пісьменнік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Яцкоў. Ён адзначыў, што вёска Цёплае Чавусскага раёна, дзе 9 снежня 1917 года нарадзіўся У.Рагуцкі, знаходзіцца зусім недалёка ад вёскі Брылі, а гэта значыць, што мы можам лічыць паэта нашым земляком. Тым больш, што і далей шляхі Уладзіміра Лаўрэнавіча былі шчыльна ўплецены ў гісторыю Магілёўскага раёна, бо вучыўся будучы паэт у школе вёскі Старое Пашкава, пісаў там свае першыя вершы, а пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута ў 1939 годзе пачаў свой працоўня шлях у рэдакцыі магілёўскай раённай газеты "Камунар Магілёўшчыны" (сёняшняя "Прыдняпроўская ніва"). Адсюль у 1941 годзе Уладзімір Рагуцкі быў прызваны ў Чырвоную Армію, быў адпраўлены на фронт і загінуў у адным з баёў.

Паэт пакінуў пасля сябе не вельмі вялікую паэтычную спадчыну, але ягоныя вершы вызначаюцца глыбокай лірычнасцю і яскравай дасканаласцю вобразаў і пачуццяў. У гэтым удзельнікі вечарыны змаглі пераканацца, калі пачулі творы юбіляра ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Брылеўскага СДК Аляксандры Івановай, Варвары Какоўка, Паўла Дайнекі і Яўгена Бірукова.

Таксама былі падрыхтаваны відэапрэзентацыя і кніжная выстава аб жыцці і творчасці Уладзіміра Рагуцкага.

bottom of page