top of page

У Магілёве ўзгадалі філаматаў

9 снежня ў Магілёўскай абласной бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная вечарына, прымеркаваная да 200-годдзя таварыства філаматаў.

У імпрэзе прынялі ўдзел пісьменнік, сябра СБП, кандыдат філалагічных навук, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова Віталь Еўмянькоў і госць з Мінску, бард, паэт і перакладчык Аляксей Жбанаў.

З уступным словам выступае

кіраўнік Магілёўскага ТБМ імя Ф.Скарыны Алег Дзьячкоў

Віталь Еўмянькоў распавёў пра жыццё і дзейнасць філаматаў, гісторыю ўзнікнення гэтага тайнага таварыства, якое складалася з лепшых прадстаўнікоў эліты ВКЛ, якія ў той час вучыліся ў Віленскім універсітэце.

Аляксей Жбанаў выканаў некалькі песень, у першую чаргу - напісаных самімі ўдзельнікамі суполкі філаматаў, а сярод іх было немала паэтаў, напрыклад, адным з актыўных сябраў таварыства быў Адам Міцкевіч.

Некаторыя з песень разам з Аляксеем праспявалі нават і наведнікі вечарыны.

Арганізавалі вечарыну магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы імя Скарыны разам з Магілёўскай абласной бібліятэкай.

Таварыства філаматаў — тайнае таварыства ў навучальных установах Віленскай вучэбнай акругі. Створана ў 1817 па ініцыятыве групы студэнтаў Віленскага ўніверсітэта (А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота, Ю. Яжоўскага і інш.) гурток філаматаў ператварыўся ў даволі буйную арганізацыю са шматлікімі філіяламі ў розных раёнах Беларусі.

Алесь Сабалеўскі.

Фота і відэа аўтара.

bottom of page