top of page

Сустрэча з Мастацтвам


23 снежня 2017 г. сябры літаратурнага клуба “Святліца” Дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Агат” г. Магілёва” наведалі галерэю скульптара Андрэя Вараб’ёва, якая створана ў 2017 годзе ТАА "Артпраектінвест".

Сваімі задачамі галерэя лічыць папулярызацыю сучаснага мастацтва, адкрыццё новых імёнаў маладых мастакоў, правядзенне персанальных і калектыўных мастацкіх выстаў і праектаў, прэзентацый літаратурных і музычных твораў, арганізацыю творчых сустрэч. Існуе галерэя і ў віртуальнай прасторы. Створаны сайт, на якім можна пазнаёміцца з жыццём галерэі, яе планамі, падзеямі і аўтарамі.

Дырэктар галерэі Леанід Малчанаў адчыніў дзверы для сяброў клуба ў выхадны дзень. Знайшоў час і сам спадар Андрэй Вараб’ёў. Ён правёў экскурсію, пазнаёміў са сваімі творамі, распавёў гісторыю стварэння кожнай скульптуры.

Імя Андрэя Вараб’ёва ў Магілёве вядома амаль кожнаму. Хто ведае працы скульптара, бачыў іх на выставах, то склаў сваё ўражанне. Не сакрэт, што асабістае знаёмства дадае многа. Перад намі быў Творца і Чалавек. Яны не супярэчылі адзін аднаму, а наадварот, гарманічна дапаўнялі. Ад пазнання сябе мастак ідзе да пазнання Сусвету. Ад першага кроку і да апошняга Чалавек змяняецца. Бачанне гэтых змен Андрэй Вараб’ёў увасабляе ў аўтапартрэтах: “На чатыры бакі свету”, “Два бакі жыцця”, “Кніга майго жыцця”, “Аўтапартрэт з яе пацалункам”, “Далоні”, “Не Сонца, дык хоць лямпачка”, “Паміж Небам і Зямлёй” і інш.

Цэнтральнае месца ў творчасці А.Вараб’ёва займае Чалавек. Чалавек паміж Небам і Зямлёй. Наколькі тонкая нітка яго ўтрымлівае. Як лёгка яна можа абарвацца. І гэтая нітка – Каханне. Менавіта таму галоўныя героі твораў скульптара – Мужчына і Жанчына. Адносіны паміж імі. Тут аўтар аддае перавагу тактыльнаму кантакту. Псіхолагі сцвярджаюць, што чалавек на працягу ўсяго жыцця, не толькі ў дзяцінстве, мае патрэбу ў дотыках. Скульптура, адзін з відаў мастацтва, у якім гэтыя дотыкі можна перадаць. Напрыклад, “Тысячы маіх дотыкаў”, “Аўтапартрэт з яе пацалункам” і мноства варыянтаў з адной назвай “Пацалунак”.

Хвалюе мастака і тэма Жыцця і Смерці: “Цэлае жыццё”, “Нараджэнне і смерць Андрэя Вараб’ёва”, “Тунэль жыцця”, “Пясочны гадзіннік”. Гэтыя працы падштурхоўваюць наведвальнікаў задумацца над кропкай незвароту і над хуткаплыннасцю часу.

У галерэі разам са скульптурамі Андрэя Вараб’ёва размясцілася выстава мастака Андрэя Равякова “Час Альміры”.

Спадар Леанід Малчанаў быў вельмі гасцінным, запрасіў у свой кабінет і падзяліўся планамі наступных выстаў. Пазнаёміў з карцінамі свайго бацькі – Мікалая Малчанава.

Музычную кропку напрыканцы сустрэчы паставіла Мілада Паўлава. З дазволу гаспадара яна села за піяніна белага колеру і сыграла “Сумную песеньку” П.І.Чайкоўскага.

Тамара АЎСЯННІКАВА

bottom of page