top of page

Міхась Пятровіч Булавацкі

Нарадзіўся 11 кастрычніка 1947 г.

ў вёсцы Восы Глускага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1971 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага

педагагічнага інстытута.

Працаваў настаўнікам

матэматыкі ў школах, выкладчыкам універсітэта.

Сябра Беларускага

ПЭН-цэнтра з 2001 г.,

сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2012 г., 

першы кіраўнік

абласной арганізацыі

Таварыства беларускай мовы

імя Ф.Скарыны (1993-2002).

У канцы 90-х гадоў

пачаў займацца паэтычнай творчасцю, выдаў зборнікі перакладаў твораў У.Высоцкага

на беларускую мову

“Я не падману” і "Пра жыццё,

пра волю, пра сябе..." 

Паспяхова ўдзельнічаў у літаратурных конкурсах

радыё Свабода.

Жыве ў Магілёве.

«Пра маё нараджэнне маці расказвала са спакойнай усмешкай: “Адпрацавала ў калгасе, прыйшла дадому, пацягала буракі з поля, нанасіла вады, пакарміла курэй, свіней, падаіла карову, ўправілася, прынесла дроў у печ, легла і нарадзіла цябе. Добра, што была субота і назаўтра выхадны. А ў панядзелак закруціла цябе ў пялёнкі і пайшлі мы з табой разам працаваць на калгаснае поле.” 

- Майго нараджэння на свет праграмай Савецкага Саюза прадугледжана не было. За два месяцы да пачатку вайны мой бацька быў арыштаваны і асуджаны на 10 год. Ён бы так і загінуў у Томасінлагу, бо – заядлы курыльшчык – мяняў сваю пайку хлеба на тытунь і зусім знясілеў. Лагернае начальства выпусціла яго як “дахадзягу”. Так рабілі з тымі, хто гатовы быў адыйсці ў іншы свет, каб не мучыцца затым з закопваннем трупа. І ўжо “вольны чалавек” або замярзаў у тайзе, якая прасціралася на сотні кіламетраў, або яго разрывалі звяры. Але тут здарыўся цуд. Нейкім чынам галодны, хворы, абмарожаны бацька змог выбрацца да людзей і ў 1946 годзе дабрацца да дому, каб жыць-пакутваць яшчэ два цяжкіх гады. Яго апошніх сіл усё ж хапіла, каб даць жыццё мне. 

 

Спадар Міхась настаўнікам стаў, можна сказаць, не па сваёй волі. Вырашыў паступаць у інстытут услед за сваёй таемна каханай аднакласніцай. А яна ў апошні момант перадумала. Але пра свой выбар не шкадуе! Міхась Булавацкі мае паспяховы досвед працы і з вучнямі, і са студэнтамі, і з настаўнікамі. 
 

- Пасля інстытута адпрацаваў тры абавязковыя гады, настаўніцтва мяне не прываблівала, збіраўся заняцца чымсьці іншым. Але за тры гады прырос душой да дзяцей і мяне пацягнула зноў у школу. Інстытуцкай адукацыі было недастаткова і я пачаў шукаць настаўнікаў, якія ўмелі працаваць найлепшым чынам. Так выйшаў на В.Шаталава, знаёмства з кім істотна паўплывала на мой настаўніцкі лёс. Пра яго і пра іншых настаўнікаў пачаў пісаць у прэсе. Гэтыя публікацыі заўважылі і запрасілі мяне ў Магілёўскі педагагічны інстытут, які я ў свой час закончыў. Але тут выйшла неспадзяванка. На думку прафесара А.Столяра, ідэі В.Шаталава былі памылковымі і я павінен быў дапамагчы гэта даказаць. У сваіх ідэях я быў перакананы. Мае публікацыі ў прэсе выклікалі толькі раздражненне і ярасць начальства. Тагачасны прарэктар М.Аўласевіч прыгразіў: “Мы вам гэтага не даруем!!” І не дараваў, адпомсціў жорстка. Праз колькі гадоў ён (ужо будучы рэктарам) не падпісаў хадайніцтва аб выдзяленні мне субсідыі для набыцця кватэры. У выніку маленькі пакойчык у студэнцкім інтэрнаце, які я займаю ўжо амаль трыццаць год, стаў мне як камусьці родная хата. За артыкул у “Известиях” аб сапраўднай якасці матэматычных ведаў выпускнікоў школ артыкула мяне звольнілі з інстытута, але ў часы перабудовы адкрычаў сваё права на працу ў інстытуце, дзе я працаваў яшчэ 15 год, сумяшчаючы працу з студэнтамі з правядзеннем семінараў па наватарскіх тэхналогіях навучання ў розных гарадах СССР. Праца з настаўнікамі прыносіла мне асаблівае задавальненне, бо змучаныя камуністычнай траскатнёй настаўнікі ўжо згаладаліся па свежых ідэях у навучанні. На мае семінары ў Магілёў прыязджалі настаўнікі з Прыбалтыкі, з Масквы, з Татарстану, прыязджалі без камандзіровак, за свае грошы. 

Фактычна з 1998 году Міхась Булавацкі беспрацоўны. Але беспрацоўе не стварае яму істотных матэрыяльных праблем. Прафесіянал высокага ўзроўню ў час, калі людзі імкнуцца да ведаў, заўсёды запатрабаваны.

 

- Я ўжо 9 год не працую на кафедры. Не, мяне звольнілі не за палітычныя погляды, як гэта калі-нікалі падавалася ў прэсе. На пачатку 90-х у Магілёве адкрылася беларуская гімназія і я пачаў выкладаць матэматыку ў пятым класе. Маскоўскі падручнік мне не спадабаўся і я пачаў распрацоўваць свае матэрыялы, з якіх затым атрымаўся пробны варыянт новага падручніка. Падручнік быў надрукаваны выдавецтвам універсітэта праз скандал з загадчыкам кафедры Латоцін таксама пачаў ствараць падручнік для пятых класаў. Здавалася, нам тут быў сэнс аб’яднацца ў гэтай справе, але ў яго, кандыдата навук, але без настаўніцкай практыкі, і ў мяне, без вучонай ступені, але з багатай настаўніцкай практыкай, былі істотна розныя погляды на працэс выкладання матэматыкі. “У адны аглоблі ўпрэгчы нельга каня і трапяткую лань”. Мяне пазбавіліся як ад канкурэнта на кафедры. Я не пазбягаю працы ў школе, бо гэтую справу люблю і ўмею рабіць. Мае заявы аб працаўладкаванні ў школе ўжо 5 гадоў ляжаць ва ўсіх упраўленнях адукацыі Магілёва. Часта мне проста не адказваюць, некаторыя адказы я выбіваў праз пракуратуру. Атрымліваецца, што для вопытнага настаўніка высокай кваліфікацыі і моцным жаданнем працаваць вакансій няма, а для маладых настаўнікаў, якіх прымушаюць працаваць і якія яшчэ амаль нічога не ўмеюць, вакансіі знаходзяцца. Раней я думаў, што гэта нейкая несправядлівасць. А цяпер думаю, што хутчэй наадварот: адны вучаць, не давучваючы, другія давучваюць – і ўсе пры справе, і ўсе пры заробку. Мудра! 

Яшчэ ў 1999 годзе ў газеце «Наша ніва» быў надрукаваны артыкул М. Булавацкага " Рэпэтытары – ценявыя настаўнікі«. Закранутыя ў артыкуле пытанні дагэтуль застаюцца актуальнымі. Праблемы з працаўладкаваннем М. Булавацкага ў дзяржаўную ўстанову адукацыі прымусілі яго сур'ёзна заняцца рэпетытарствам. Такім чынам ён зарабляе на жыццё і мае пастаянны кантакт з вучнямі.

 

- Дарэктарства (па Я.Коласу) ці рэпетытарства (у сучасным жаргоне) зараз мая дзейнасць, якую я выконваю з вялікім задавальненнем, бо маю тут плён. Плён не толькі ў тым, што малады чалавек ці дзяўчына, якіх недавучылі матэматыцы ў школе, за год працы са мной, уздымаюцца на высокі ўзровень валодання гэтай навукай. Найбольш цікавы плён у тым, што я распрацоўваю для іх адмысловыя вучэбныя матэрыялы, якія дазваляюць засвойваць мудрую навуку хутка і надзейна. Калісьці з гэтых матэрыялаў вырастуць прыстойныя вучэбныя дапаможнікі ці нават падручнікі. “Цалкам зразумелая трыганаметрыя” ў першасным варыянце ўжо зроблена. Рэпетытарская праца мая, на жаль, больш рускамоўная. Для тых, хто пагаджаецца слухаць мяне на беларускай мове, раблю зніжкі ў аплаце. Але і рускамоўныя вучні вымушаны неяк далучацца да беларускай мовы, бо вучэбныя матэрыялы ў мяне распрацаваныя на нашай мове.

Дарэчы, пра дэмакратыю. 

 

- Адзін з вельмі паважаных мною людзей, літаратар і выкладчык беларускага гуманітарнага ліцэя, у сувязі з падзеямі, якія адбываліся ў ліцэі ў мінулым годзе, выказаўся так: “Сёння для нас дэмакратыя – завялікая раскоша. Прыдзе час, калі мы будзем жыць па дэмакратычных нормах.” А мне думаецца: калі дэмакратыя – гэта каштоўнасць, дык яна павінна быць каштоўнасцю незалежна ад часу, у якім жывем. А калі без яе можна абыйсціся, дык якая ж гэта каштоўнасць? І навошта тады за яе змагацца? Вось услухайцеся: “Сёння для нас сумленне – завялікая раскоша. Прыдзе час – зажывем па сумленні, а зараз абыйдземся без яго.” Для мяне гэтыя фразы – сінонімы. 

Міхась Булавацкі са сваімі былымі студэнтаў заснаваў беларускія матэматычныя алімпіяды, якія пазней перараслі ў “Беларускае пяціборства”. Пяціборства было праведзена ўжо ў 6 раз. Акрамя пытанняў па дакладных навуках, вучні атрымоўваюць пытанні па гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. 

 

- Штогод у пяціборстве бяруць удзел некалькі дзясяткаў старшакласнікаў школ, гімназій і ліцэяў Магілёва і вобласці. Пяціборства арыентавана на вучняў, якія маюць здольнасці і схільнасці да матэматыкі і прыродазнаўчых навук, але, каб не забылі, у якой краіне жывуць, ім прапануюцца яшчэ пытанні па гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. Мова, на якой пададзена праца, ацэньваецца пятым балам. Па суме пяці балаў і вызначаюцца пераможцы. Некаторым таленавітым маладым людзям пяціборства дапамагло ўсвядоміць ненармальнасць іх аднабокай матэматычнай адукацыі і яны адмыслова прыкладалі намаганні для пашырэння сваіх ведаў. Пра пяціборста пісала і дзяржаўная прэса. 

«Прафесіянал не баіцца звальнення з дзяржаўнай працы, бо яго прафесіяналізм заўсёды будзе мець попыт…” 

 

- Сталым людзям мне няма чаго раіць. Яны і без мяне ўсё ведаюць. А маладым магу нагадаць чыюсьці разумную параду: ведаць нешта пра ўсё і ўсё аб нечым. “Ведаць усё аб нечым” – гэта значыць у нейкай (няхай маленькай) справе чалавек павінен стаць прафесіяналам, віртуозам сваёй справы. Менавіта прафесіяналізм робіць чалавека свабодным. Прафесіянал не баіцца звальнення з дзяржаўнай працы, бо яго прафесіяналізм заўсёды будзе мець попыт, людзі заўсёды шукаюць прафесіяналаў для задавальнення сваіх патрэб (камусьці трэба сцены абклеіць шпалерамі, камусьці – боты адрамантаваць, камусьці – навучыць сына матэматыцы ці музыцы, камусьці – упарадкаваць радавод сваёй сям’і...). Неяк карэспандэнт радыё “Свабода” доўга выпытваў у мяне, чаму я, беспрацоўны апазіцыянер, не звяртаюся да Мілінкевіча па дапамогу. Але ж мне такая дапамога не патрэбная, Я, прафесіянал, магу пракарміць сябе сам. 

Не толькі прафесіянал у сваёй галіне, але і неабыякавы, свядомы і актыўны чалавек.

 

- Пра сітуацыю ў нашай краіне магу сказаць так: мы ўсе хворыя на Лукашэнку. Паглядзіце: якую б партыю, ціграмадскае аб’яднанне, ці любую “партызанскую” структуру ні ўзяць, там доўгі час кіруе адзін і той жа чалавек. У рэдкіх выпадках кіруе таму, што некаму перадаць сваю маленькую ўладу. Часцей кіруе таму, што гэтую маленькую ўладу перадаваць не хоча. І калі надыходзіць крызіс і людзі пачынаюць вылучаць новага кіраўніка, ранейшы “валадар” адцягвае кучку сваіх прыхільнікаў і распалавіньвае партыю на дзве меншыя. Спачатку нам трэба дасягнуць на мініўзроўні адной партыі, адной групкі людзей таго, што мае на максіўзроўні, напрыклад, ЗША: якую б постаць там не абралі прэзідэнтам, палітыка краіны і жыццё асобна ўзятага чалавека там істотна не зменіцца. 
Я кіраваў абласной арганізацыяй ТБМ амаль дзесяць гадоў (з моманту яе стварэння ў маі 1993 года да снежня 2002 года). І сваю адмову працягваць гэтае кіраўніцтва аргументаваў менавіта гэтым: калі ў нас няма каму змяніць мяне на гэтай пасадзе, то няма сэнсу ў існаванні такой арганізацыі, а калі ёсць годны гэтай пасады чалавек, то чаму б яму не заняць яе. 

 

Спадара Міхася можна ахарактарызаваць і праз яго багатыя захапленні. Займаецца журналістыкай, якая, як ён свярджае, неяк адшліфавалі яго валоданне словам. Браў удзел у некаторых літаратурных праектах радыё “Свабода”, фіналіст конкурсаў эсэ «Мая свабода». “Беларускі кнігазбор” у 1999 годзе выдаў невялікі зборнік перакладаў. Пераклад Ул.Высоцкага ““Палявання на ваўкоў” М, Булавацкі прысвяціў Міколу Ермаловічу. Пры падтрымцы газет “Наша слова” і “Раніца” правёў рэспубліканскі конкурс “Казка для Ганулькі”. Спрабаваў удасканаліць шахматную тэрміналогію. Вольны час звычайна праводзіць ў більярдным клубе.

 

- Мне падабаецца гэтая гульня, тут і неабходныя мне фізічныя практыкаванні (ад занадта рухавага настольнага тэніса ўзрост мяне ўжо аддаліў), і цікавая забава, якая патрабуе вострага вока і цвёрдай рукі, і адпачынак, досыць неабходны пасля сядзення перад маніторам камп'ютара. У більярдным клубе я ўжо прымільгаўся і зараз там вісіць аб’ява (на маё задавальненне, на нашай мове): “13–14 кастрычніка праводзіцца чэмпіянат г.Магілёва, прысвечаны 60-годдзю Міхася Булавацкага”. Бач, уважылі! “Менавіта прафесіяналізм робіць чалавека свабодным. 

 

Падрыхтавала Ганна Краснова.

10.10.2007 г.

Уваход у фотаархіў Міхася Булавацкага
Уваход у бібліятэку Міхася Булавацкага
bottom of page