top of page

Адбыўся справаздачна-выбарчы сход

5 лютага ў магілёўскім грамадскім цэнтры "Кола" прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя ў Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Напачатку сустрэчы адбылося ўрачыстае ўганараванне пераможцаў «XVI-га Беларускага пяціборства», што традыцыйна арганізуе і ўзначальвае сябра філіі Міхась Булавацкі.

Спаборніцтва, што сталася добрай традыцыяй Магілёўшчыны, сёлета займела пяцёх пераможцаў у розных дысцыплінах. Адмыслоўцы з ліку лепшых атрымалі не толькі ганаровыя дыпломы, але і падарункі ад ГА "СБП", культурніцкай кампніі "Будзьма беларусамі", ды "Радыё Свабода".

У асноўнай частцы паседжання старшыня філіі Мікола Яцкоў выступіў са справаздачай за адпрацаваны пяцігадовы тэрмін, а таксама адказаў на пытанні сяброў абласной арганізацыі. Прысутныя абмеркавалі стан суполкі і абмеркавалі праблемы ды кірункі працы бягучага этапу. Таксама на сустрэчы быў прадстаўлены новы нумар магілёўскага літаратурнага альманаха "Брама". Вялікая прэзентацыя "Брамы" адбудзецца ў сакавіку.

У выніку галасавання Мікола Яцкоў быў пераабраны на новы тэрмін. Ягонымі намеснікамі сталіся Міхась Булавацкі ды Сяргей Украінка.

На сустрэчы прысутнічалі старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч і памочнік старшыні Усевалад Сцебурака. Усе сябры філіі атрымалі пэрсанальныя запрашэнні на чарговы справазадчна-выбарны з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў, што адбудзецца 4 сакавіка ў Мінску.

bottom of page