У вянок Васілю Якавенку
22 студзеня 2018 г. памёр беларускі пісьменнік, эколаг, грамадскі дзеяч Васіль Якавенка.
Паэт Сяргей Панізьнік - у вянок Васілю Цімафеевічу.
ПАСЛАННІ ВАСІЛЮ ЯКАВЕНКУ
І. НЕ ХВАЛЬКО
А Якавенка не хвалько, шляхам не дасць заснежыцца.
Яго героем стаў – Ралько, сябрамі – ўсе аснежанцы.
1971
/Ралько У. С. –двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня калгаса “Аснежацкі” (1950-1992) /
ІІ. НЯЗЛОМНЫ
Васілю Якавенку да прэзентацыі
яго трылогіі “Пакутны век” 11 снежня 2009 г.
Зноў на праспекце крыкі-енкі
Узняў таварыш-кнігалюб.
Ад Якавенкі ж як ад сценкі
Адскочыў шрот. І толькі чуб
У попеле з крытычных труб.
--Васіль! – Крычу: -- Ты ўвесь дымісся,
Хоць да Рагулі прытуліся…
--О не! -- Сказаў. – Сам стаўлю зруб:
Узяў трылогію на пуп,
Бо ў мудрасці не толькі зуб…
А крытыкі мае счарсцвелі.
“Пакутны век” –зарад у целе…
Хай пачытаюць “Нечывелле” –
Палезуць як смаўжы на дуб,
А лепш – да д”ябла ў падзямелле.
Я – ёсць нязломны
Жыццялюб!
ІІІ. РЫЦАР НАШ
(З нагоды ўзнагароды медалём Францыска Скарыны 1.11. 2016 г.)
Не з вытаптанай праварыны,-- Ты з вежаў, дзе Праўдзівец – Страж. Таму адзнакаю Скарыны ўганараваны, Рыцар наш.
Васіль! Не будзеш у знядужы, бо знаеш пераможны кліч. Каб для натхнення знікла сцюжа,-- цябе сагрэе продкаў Зьніч!
2016
P.S.
ГАЮЧАЯ КВЕЦЕНЬ ПАМЯЦІ
Агонь трымаў у жмені, круціў падзеяў звенні… Іскрыліся і зрэнкі у Творцы Якавенкі.
Хай беражэ зямля надломы Васіля,-- бо нам – жыццю ў прабег -- аддаў свой А б я р э г.
23.01.2018
Сяргей Панізьнік