top of page

Адзначылі юбілей Навума Гальпяровіча


20 студзеня 2018 г. ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына "Каб зразумець, што вось гэта - адзінае", прысвечаная 70-годдзю выдатнага беларускага пісьменніка Навума Гальпяровіча. Пра жыццёвыя і творчыя варункі юбіляра распавёў дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры, паэт і кампазітар-песеннік Мікалай Яцкоў. Ён расказаў аб сваіх сустрэчах з Навумам Якаўлевічам, аб песенным супрацоўніцтве з гэтым вельмі меладычным паэтам. У выкананні М.Яцкова прагучала песня на верш Н.Гальпяровіча "Раманс". Таксама ў аўтарскім выкананні прагучаў ўрывак з паэмы "Вечарына", у якім Мікола Яцкоў вершавана ўзгадаў Навума Гальпяровіча. Прысутныя мелі магчымасць пагартаць кнігі з бібліятэкі М.Яцкова з аўтографамі Н.Гальпяровіча і ўбачылі рарытэтную афішу паэтычнага тэатра "Зніч" 1996 г. са звесткамі пра вечар па творчасці Н.Гальпяровіча "На востраве душы" - з аўтографамі ўдзельнікаў той ужо далёкай падзеі. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці Брылёўскага СДК Анастасія Дубавая, Аляксандра Іванова, Макар Меляшкоў і Зінаіда Пятрова прачыталі вершы славутага юбіляра. Прыемным сюрпрызам для прысутных з'явілася ўсталяванне тэлефоннага "маста" паміж Брылямі і Мінскам: Мікалай Яцкоў патэлефанаваў Навуму Гальпяровічу і паведаміў свайму сябру, што зараз у Брылёўскай бібліятэцы адбываецца вечарына ў яго гонар, і удзельнікі па гучнай сувязі хацелі б пачуць голас юбіляра. І ўзрушаны Навум Якаўлевіч выказаў словы падзякі за такую ўвагу да сябе і сваёй творчасці, пажадаў маладому пакаленню берагчы і любіць Айчыну і сваю родную мову, і выказаў непарушную ўпэўненасць у тым, што любоў і дабро абавязкова перамогуць зло. Заключныя словы паэта патанулі ў шчырых апладысментах усіх прысутных. Да вечарыны бібліятэкар Юлія Яцкова падрыхтавала адпаведную відэапрэзентацыю, а таксама кніжную выставу па творчасці Н.Гальпяровіча.

Аляксандра Іванова

Макар Меляшкоў

Анастасія Дубавая

Зінаіда Пятрова

Тэлефануем Навуму Гальпяровічу

Бібліятэкар Юлія Яцкова

bottom of page