top of page

У госці да Базыля Камарова

14 лютага сябры гарадскога літаратурнага клуба “Святліца” Алена Быкава, Крысціна Башарымава, Ната Драздова (аўтар гэтых радкоў) разам з кіраўніком клуба Тамарай Аўсяннікавай наведалі майстэрню вядомага беларускага мастака Базыля Камарова. Спадар Камароў - сябра Беларускага Саюза мастакоў, акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, удзельнік Рэспубліканскіх, замежных і міжнародных выстаў. Яго творы знаходзяцца ў многіх музеях Беларусі, у мастацкай галерэі горада Габрава (Балгарыя), а таксама ў прыватных зборах Польшчы, Германіі, Ізраіля, Кубы, ЗША, Расіі і інш. Мастак пазнаёміў гасцей са сваёй майстэрняй, з карцінамі, распавёў пра гісторыю іх напісання. На пытанне, як нараджаюцца творы, адказаў: “Я ніколі не малюю з натуры”. І працытаваў другога мастака: “Назірай не малюючы, малюй не гледзячы.” Затым мальберт ператварыўся ў стол. Пілі гарбату, гаварылі пра мастацтва, пра кнігі, чыталі і абмяркоўвалі вершы, слухалі запісы галасоў паэтаў, птушак. Чатыры гадзіны працяцелі незаўважна. На памяць аб сустрэчы Базыль Камароў падарыў гасцям буклеты з аўтографам і запрасіў заходзіць яшчэ.

bottom of page