top of page

Адбылася Рада Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына"


15 лютага адбылося пасяджэнне Малой Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Удзельнікі пасяджэння ўхвалілі фінансавую справаздачу і справаздачу пра дзейнасць Згуртавання за 2016 год.

Асноўным жа пытаннем пасяджэння была падрыхтоўка да Сёмага з’езду беларусаў свету. Большасцю галасоў сябры Вялікай Рады зацвердзілі правядзенне З’езду 15–16 ліпеня ў Мінску.

Кожны З’езд беларусаў свету ўздымае важныя для беларускай нацыі пытанні. Сёмы з’езд не будзе выключэннем. Ён пройдзе пад тэмай “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця”.

Акрамя пленарнага пасяджэння, праца дэлегатаў будзе праходзіць у трох секцыях: 1. Гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці. 2. Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах. 3. Беларуская мова і культура як падмурак дзяржаўнай незалежнасці.

У арганізацыйны камітэт па правядзенні З’езду ўвайшлі сябры Вялікай Рады (сорак сем асобаў з Беларусі і сорак сем – з замежжа). Таксама быў зацверджаны склад Працоўнай групы на чале са старшынёй Рады Нінай Шыдлоўскай.

Ухваліўшы бюджэт З’езду, нормы прадстаўніцтва дэлегатаў на З’езд і меркаваную колькасць гасцей, сябры Малой Рады абмеркавалі і зацвердзілі падрабязны План дзейнасці Згуртавання на 2017 год.

Акрамя пытанняў, звязаных з Сёмым з’ездам беларусаў свету, план утрымлівае шэраг важных пунктаў па арганізацыйна-прававой, выдавецкай і культурна-асветніцкай дзейнасці Згуртавання, у тым ліку ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

bottom of page