Настаўнік і дарадца
Лявону Міхайлавічу Анціпенку, журналісту, літаратару, краязнаўцу
Так здарылася ў маім жыцці, што ў свой час я “захварэў” на краязнаўства. Шклоўская раённая газета “Ударны фронт” заўсёды шмат увагі ўдзяляла гэтай тэматыцы. З цягам часу з’явілася жаданне і самому паспрабаваць сябе ў якасці аўтара.
Першапачаткова свае паведамленні я рабіў па – руску і супрацоўнікі газеты перакладалі іх на беларускую мову. Гэта мяне неяк бянтэжыла. І вось, у чарговы раз, я завітаў у рэдакцыю ўжо з беларускамоўным артыкулам. Тагачасны рэдактар, Лявон Міхайлавіч Анціпенка, запрасіў ў свой кабінет і пачаў моўчкі чытаць мой рукапіс. Я ўважліва паглядаў на Лявона Міхайлавіча, які нахіліўшыся над маімі паперамі, пачаў амаль у кожным сказе выпраўляць памылкі. Хутка чырвоны колер рэдактарскага пяра запоўніў усе мае аркушы, і я з напружаннем і сорамам чакаў, чым гэта ўсё скончыцца. Лявон Міхайлавіч па – ранейшаму моўчкі нешта абдумваў і нічога не гаварыў. Чакаючы адмоўнай рэакцыі я не вытрымаў і першы запытаў: “Напэўна мне больш ніколі не трэба нічога пісаць?” І нечакана пачуў у адказ: “Пішы! У цябе павінна атрымацца”. Такога прысуду я не чакаў.
Пасля гэтай падзеі я стаў больш пільна цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. Паступова з’явіліся новыя артыкулы ў раённай газеце, потым у іншых газетах і часопісах. Матэрыялы па краязнаўству ўвайшлі ў кнігі і гісторыка - краязнаўчыя зборнікі. Мяне пачалі запрашаць да ўдзелу ў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Гэта паспрыяла таму, што ў мяне з’явіліся сябры – аднадумцы ў розных кутках Беларусі і за яе межамі.
Беларуская мова, як ўвогуле беларусшчына, зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне майго светапогляду. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, шанаваць бацькоў, любіць і берагчы Радзіму. Асобнае месца на гэтым маім шляху належыць творчасці Лявона Міхайлавіча:
Мне Богу рана спадзявацца,
Бо мала спраў, а больш надзей.
І можа нават гэтак стацца,
Што не памножыцца падзей.
А пойдзе ладам з ласкі Бога –
Яго штораніцы прасі.
Пакуль не збаўлены зямнога,
Цярпліва ты свой крыж нясі.
Калі абыдзешся без грэху
У гэтым немачным жыцці,
То адгукнешся ў небе рэхам,
За ім імкніся і ляці.
Ці магчыма, каб гэтыя словы Лявона Міхайлавіч, як і ўся яго творчасць, не закранула пачуццё чалавека?
Лявон Міхайлавіч Анціпенка па- ранейшаму з’яўляецца маім галоўным настаўнікам і дарадцам. Жадаю шаноўнаму Лявону Міхайлавічу добрага здароўя, шчасця і асалоды ад творчага натхнення!
Удзячны вам, што не прагналі,
Цярпліва рукапіс чыталі,
Памылкі, сказы выпраўлялі,
І толькі потым прамаўлялі.
Удзячны Вам за шчырасць і праўдзівасць,
За слова мудрае, цярплівасць,
За тое, што разглядзелі захапленне,
Да краязнаўства падтрымалі далучэнне.
Удзячны Вам за добрую навуку,
За тое, што першым падаеце руку,
За асалоду пры размове
І творчасць, што гучыць на роднай мове.
Ваш вучань Аляксандр Грудзіна,
Шклоўская арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.