top of page

"Моладзь знаходзіць час, каб паслухаць сапраўдныя вершы"


21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы на гісторыка-філалагічным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова была прымеркаваная літаратурная вечарына з удзелам вядомых магілёўскіх пісьменнікаў Яраслава Клімуця і Сяргея Украінкі.

“Літаратура – гэта найперш аўтары і мастацкія творы, – звяртаючыся да студэнцкай моладзі заўважыў Сяргей Украінка. – Часам, уяўляецца тое, што пісьменнікі жывуць у іншай рэальнасці, а іх творчасць – гэта крыніца выключна нябеснага натхнення. На самой справе, паэты і пісьменнікі жывуць гэтакімі ж клопатамі, падарожнічаюць у тралейбусах і маршрутках, а вершы і прозу пішуць з нагоды пэўных здарэнняў, якія маюць выключна зямное паходжанне”.

Сяргей Украінка прачытаў вершы са свайго зборніка “9 гранаў”. Асабліва ўразіла моладзь гісторыя Святога Мікалая, які нібыта прызямліўся “сівагракам” у раён Падміколля і меў дыялог з мясцовым жыхаром. Крануў аўдыторыю верш “Замова пра мову”, у якой паэт заклікаў моладзь не адварочвацца ад беларускай мовы, часцей звяртацца да яе ў побыце, падчас навучання ва ўніверсітэце.

Былы дэкан магілёўскага філфака, вядомы літаратуразнаўца і пісьменнік Яраслаў Клімуць распавёў студэнтам пра народных паэтаў Беларусі Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна, прачытаў вядомую сатырычную паэму Ніла Гілевіча “Сказ пра Лысую Гару”.

“Паэтычнае слова нараджаецца ў сэрцы, сягае да самых глыбінь чалавечай душы, – падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з пісьменнікамі былы выкладчык універсітэта Пётр Камкоў. – Выдатна, на маю думку, ужо тое, што моладзь знаходзіць час, каб паслухаць сапраўдныя вершы, сапраўднае мастацкае слова. Падобныя сустрэчы, безумоўна, узбагачаюць і творцаў, і іх слухачоў”.

Сяргей Украінка

Яраслаў Клімуць

bottom of page