Светлы воблік паэта
27 лютага ў магілёўскай абласной бібліятэцы адбылася вечарына "Белы бусел над Бесяддзю", прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, ураджэнца Магілёўшчыны Алеся Пісьмянкова.
Супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры бібліятэкі падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю аб жыцці і творчасці паэта. Сваімі ўспамінамі аб сяброўстве і сустрэчах з Алесем расказалі магілёўскія літаратары Сяргей Украінка, Віктар Кунцэвіч і Мікола Яцкоў. Спадар Яцкоў выканаў таксама некалькі сваіх песень на вершы Алеся Пісьмянкова.
Алесь Пісьмянкоў
Сяргей Украінка
Уладзімір Марук, Вольга Русілка, Алесь Пісьмянкоў, Сяргей Украінка (чэрвень 1979 г.)
Невядомая, Алесь Пісьмянкоў, Вольга Русілка, Сяргей Украінка, Уладзімір Мазго. (Вязынка, 1979 г.)
Сяргей УКРАИНКА: Сёння Алесю Пісьмянкову было б 60. У восемдзясят сёмым ён «надумаў» верлібр (чуеце? Алесь ‒ і раптам верлібр!) «Дзень нараджэння»:
На трынаццатым годзе пасля вайны, калі завіруха зямлю бінтавала, дзедава хата пачула мой плач ‒ першы плач, які нікога не напалохаў... Са сцяны на мяне пазіралі зусім несурова вочы салдат, вочы Хведара і Кузьмы. І чамусьці ўсе, хто прыходзіў да маці ў адведкі, асабліва суседкі-ўдовы, знаходзілі ўраз падабенства, маё падабенства з Хведарам і Кузьмой. І з гэтай нагоды, як потым казалі, сварыліся нават... Адзін толькі бацька маўкліва глядзеў у вакно, глядзеў, як зямлю завіруха бінтуе, і, саўладаўшы з пякучай слязою, вымавіў ціха: ‒ Ён будзе жыць за абодвух ‒ за Хведара і Кузьму.
Алесь жыве за іх. Няхай і не фізічна.
Мікола Яцкоў
Аўтограф Алеся Пісьмянкова (23 сакавіка 2004 г. - роўна за месяц да вечнага спачыну)
Віктар Кунцэвіч
Мікола Яцкоў, Віктар Кунцэвіч, Сяргей Украінка
Фотаздымкі С.Украінкі, М.Яцкова, http://library.mogilev.by/, з архіва С.Украінкі.