У МДУ імя А.Куляшова ўзгадалі Міхася Стральцова
Сустрэча з пісьменнікамі, журналістамі і вядомымі беларускімі бардамі адбылася 23 лютага ў медыяцэнтры МДУ імя А. А. Куляшова. Сярод гасцей былі Міхась Скобла, Таццяна Грыневіч, Юры Несцярэнка і Алена Дзмітрыеўна Стральцова.
Літаратурную імпрэзу яе арганізатары прысвяцілі памяці нашага выдатнага земляка, ураджэнца Слаўгарадчыны, паэта, літаратуразнаўца Міхася Стральцова. Звяртаючыся да прысутных у медыяцэнтры студэнтаў і выкладчыкаў, яшчэ адзін таленавіты майстра слова Міхась Скобла заўважыў: «Беларуская зямля надзвычай багатая, бо на ёй узрастаюць сапраўдныя волаты, паэты, спадчынай якіх, безумоўна, ганарыліся б і вялікія еўрапейскія народы. Адзінае што нам трэба, гэта не губляць памяць пра нашых паэтаў, ашчадна несці яе ў далягляд прышласці».
Пра тое, як Міхасю Стральцову «думаліся» вершы распавяла Алена Дзмітрыеўна Стральцова, жонка паэта. «Для яго паэзія была нечым метафізічным, тым, што простымі чалавечымі словамі растлумачыць цяжка, — кажа яна. — Міхась мог напружана, засяроджана шпацыраваць па пакоі, не запісваючы ні слоўца ў нататнік. Вершы выкрышталёўваліся, нейкім неверагодным чынам выплаўляліся ў яго галаве. Гэта была знясільваючая праца».
З вялікай увагай студэнты слухалі вершы Стральцова, якія на памяць чытаў Міхась Скобла. А вось праспяваў колькі стральцоўскіх «гранаў» паэзіі яшчэ адзін вядомы магілёвец Юры Несцярэнка. Да скрухі, слёз падвялі слухачоў песні ў выкананні Таццяны Грыневіч. У прыватнасці, у перакладзе на беларускую мову яна праспявала славуты расійскі раманс «Гори, гори, моя звезда».
Завяршылася імпрэза прэзентацыяй кнігі, прысвечанай класіку беларускай літаратуры Міхасю Стральцову, пад назвай «Выгнаны патрыцый».
Міхась Скобла
Сяргей Украінка
Міхась Скобла запрашае Юрыя Несцярэнку
Юры Несцярэнка распавядае...
Прэзент актыўнаму ўдзельніку
Алена Стральцова і Таццяна Грыневіч
Спявае Таццяна Грыневіч