"Любіць прызначана мне лёсам..."
“Горкі – адзін з маіх самых любімых гарадоў. Ёсць там нейкая своеасаблівая аўра, светлая і чыстая. Можа, таму, што ў гэтым горадзе шмат прыгожых інтэлігентных людзей з адухоўленымі тварамі і яснымі вачыма, можа, таму, што ягонымі вуліцамі хадзілі і думалі волаты беларускага духу браты Гарэцкія, а магчыма, проста сваю высакародную справу робіць слаўная спадарыня Гісторыя…” – пісаў Алесь Пісьмянкоў у адным з сваіх артыкулаў.
“Любіць прызначана мне лёсам…” – гэтыя лірычныя радкі паэта ляглі ў аснову вечарыны, прысвечанай памяці выдатнага беларускага паэта Алеся Пісьмянкова, падрыхтаванай супрацоўнікамі Цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага і Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, якая ў сценах гэтага музея і адбылася 28 лютага.
Алесь Пісьмянкоў пражыў усяго 47 гадоў, заўчасна пайшоўшы з жыцця, але яго паэзія, яго творчая спадчына папоўнілі залаты фонд сучаснай беларускай літаратуры.
Аповед аб жыццёвым і творчым шляху, адметнасці мастацкіх твораў паэта суправаджаўся яго вершамі, якія дэкламавалі ўдзельнікі літаратурнага клуба “Дэбют” Горацкай сельгасакадэміі. Прагучалі ўспаміны былога дырэктара Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, сябра СБП Уладзіміра Ліўшыца, дзякуючы якому Алесь Пісьмянкоў упершыню наведаў Горкі, палюбіў з таго часу гэты горад і неаднаразова тут бываў. Прысутныя паслухалі таксама ўспаміны прафесара кафедры сельгасмашын, паэта Аляксандра Клачкова, які сябраваў з Алесем Пісьмянковым. Уражлівымі і запамінальнымі былі выступленні аднакурсніка Алеся, былога выкладчыка кафедры рускай і беларускай моў Пятра Малько, дацэнта гэтай кафедры Ганны Малько, галоўнага бібліятэкара БДСГА Марыі Студневай. Пісьменніца, сябра СБП Лідзія Андрэева прачытала свае вершы, прысвечаныя Алесю Пісьмянкову, і прадставіла песню "Буслы над Бесяддзю", якую напісала ў сааўтарстве з горацкім кампазітарам Андрыянам Бялясавым.
Да гэтай вечарыны была падрыхтавана аднайменная выстава літаратуры, на якой экспанаваліся зборнікі вершаў Алеся Пісьмянкова з уласнымі аўтографамі, літаратурна-крытычныя артыкулы, фотаздымкі,а таксама зборнік вершаў горацкіх аўтараў, прысвечаны А.Пісьмянкову.
Паэта сёння няма з намі, але засталася яго сапраўдная, жыццясцвярджальная паэзія, якую ён дарыў нам на радасць і шчасце, каб мы ў цяжкія хвіліны не забывалі пра самае светлае і добрае на зямлі.
Вечарыну вядзе Людміла Дзеружкова
Пётр Малько
Ганна Малько
Марыя Студнева
Лідзія Андрэева
Прыхільнікі творчасці Алеся Пісьмянкова
[if !supportLineBreakNewLine] [endif]