Тое, што помніцца...
Не хочацца ўспамінаць і пісаць пра Алеся Пісьмянкова ў мінулым часе. Не верыцца і тое, што няма яго побач з намі...
Памятаю, што пазнаёміўся з ім у далёкім 1982 годзе ў рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Яго мне прадставіў былы выкладчык кафедры філасофіі Анатоль Сідарэвіч (ён тады працаваў літсупрацоўнікам у ЛІМе), калі я прынёс у рэдакцыю свой чарговы матэрыял.
Ён сказаў:
- Знаёмся, твой зямляк з Касцюкоўшчыны, толькі што скончыў БДУ, піша добрыя вершы.
Мы разгаварыліся, і Алесь, даведаўшыся што я з Горак, сказаў мне, што ў Горках не быў, але часта праязджаў праз станцыю Пагодзін, калі ехаў дадому. І яшчэ спытаў, ці ведаюць, што ў акадэміі вучыўся і працаваў Максім Гарэцкі?
Я адказаў, што ведаюць зусім нешматлікія і пакуль яго імя яшчэ не ўвекавечана ў гісторыі ВНУ.
У наступныя некалькі гадоў мы не сустракаліся. Хоць я ведаў што ў Алеся выйшла першая кніга вершаў «Белы камень» і што ён працуе ўжо ў часопісе «Полымя».
Наступная сустрэча адбылася ў 1992 годзе напярэдадні святкавання 100-годдзя з дня нараджэння М.Гарэцкага. Алесь у гэты час быў абраны сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі і я прыйшоў да яго, каб даведацца ці трэба мець дазвол на ўстаноўку ў акадэміі мемарыяльнай дошкі М.Гарэцкаму. Пры мне ён па гэтым пытанні патэлефанаваў намесніку міністра культуры Беларусі Уладзіміру Аляксандравічу Гілепу. Той адказаў, каб прыязджалі да яго ў міністэрства, бо ён як раз складаў план святкавання 100 - годдзя М.Гарэцкага і ёсць задума правесці галоўнае мерапрыемства ў Горках.
Як помніцца, Алесь браў актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве і на сустрэчы са студэнтамі я ўпершыню пачуў яго верш, прысвечаныя М.Гарэцкаму, дзе ёсць такія словы:
Спеліў шчымлівае слова,
Каб праўдаю высвеціць сказ,
Каб слова
дыхнула
жытнёва
I нам
растлумачыла
нас.
Хачу звярнуць увагу на словы паэта: "І нам растлумачыла нас". Сапраўды, усё жыццё М.Гарэцкі праз сваё творы і працу растлумачваў беларускаму народу яго сутнасць і ролю сярод народаў.
У 1992 годзе ў Горках прайшлі Горацкія навуковыя чытанні, прысвечаныя вывучэнню жыцця і творчасці пісьменніка. Яны сталі штогадовымі, і я прысутнічаў на ўсіх чытаннях да 2006 года. На іх і Пісьмянкоў прымаў таксама актыўны ўдзел.
І сёння, успамінаючы пра нашы сустрэчы, хачу заўважыць: нас пазнаёміў і мы пасябравалі дзякуючы Максіму Гарэцкаму!
Пра сустрэчу на Гарэцкіх чытаннях захавалася адна фатаграфія, дзе яе ўдзельнікі сустракаюцца з вучнямі і педагогамі Копцеўскай сярэдняй школы.
Злева направа: Уладзімір Ліўшыц., Радзім Гарэцкі, Міхась Мушынскі,
Тэрэза Голуб, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч. 1994 г.
У адну з нашых сустрэч, я спытаў Алеся, калі ў бліжэйшы час будзе выдадзена яго чарговая кніга, на што ён мне адказаў, што ў дзяржаўных выдавецтвах на гэта сыходзіць некалькі гадоў.
Тады я расказаў яму, што Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей атрымаў ліцэнзію на выданне кніг, у тым ліку мастацкіх, і прапанаваў яму выдаць кнігу вершаў у Горках.
Праз некалькі месяцаў ён даслаў рукапіс кнігі «Журавель над студняй», якая пры фінансавай падтрымцы аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама і дапамозе супрацоўнікаў Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, ў 1998 годзе была надрукавана.
З гэтага года прыезд яго ў Горкі стаў штогадовым. І справа была не ў тым, што трэба было рэалізаваць гэтую кнігу. Неяк Алесь прызнаўся, што яму проста падабацца наш горад, яго людзі. Жыў у Горках і працаваў у акадэміі на кафедры рускай і беларускай моў і яго аднакурснік - Пётр Малько, да якога ён некалькі разоў заходзіў у госці.
Алесь заўсёды прыязджаў не адзін. Часта са сваімі сябрамі Анатолем Зэкавым, Уладзімірам Саламахам, Навумам Гальпяровічам, Леанідам Левановічам і іншымі.
Сустрэчы з паэтам і яго сябрамі ў школах горада, у студэнцкіх аўдыторыях, арганізоўвалі супрацоўнікі Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея, кіраўнікі народнага аматарскага аб'яднанне «Роднае слова».
Асабліва Алесь з сябрамі любіў наведваць пасёлак Леніна і сустракацца з навучэнцамі Ленінскага педагагічнага вучылішча. Назаўжды ў маёй памяці засталося ўражанне пра тое, як ён па-майстэрску чытаў там свае вершы.
Аднойчы, у адзін з прыездаў, наведваючы тэрыторыю акадэміі, мы прыйшлі на ўзгорак «Парнас». І там, у нас узнікла ідэя арганізаваць студэнцкае свята гумару «Тарас на Парнасе». Алесь здолеў дамовіцца аб правядзенні такога свята з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, і такое свята восенню 2003 году на базе сельскагаспадарчай акадэміі адбылося. Але, на жаль, традыцыйным яно не стала.
Праз А. Пісьмянкова я пазнаёміўся з Уладзімірам Саламахам, які ў ліпені 2000 года, яшчэ не ведаючы мяне асабіста, напісаў у газеце «Советская Белоруссия» артыкул «Подвижники из глубинки», у якой прааналізаваў маю працу, як краязнаўца, публіцыста і літаратуразнаўца і выказаў думка пра тое, што мяне можна прыняць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Алесь гэтую ідэю падтрымаў і садзейнічаў у гэтай справе.
Сустракаўся з Алесем я часта і ў Мінску. Там я заўважыў, што ён заўсёды быў сярод людзей і відаць людзей, цягнула да яго, як да таленавітага чалавека. У яго часта балела сэрца і я бачыў у час сустрэч, як ён глытае нітрагліцэрын. Я раіў яму схадзіць да дактароў, на што ён заўсёды адказваў: "Няма часу…"
Ён памёр 23 красавіка 2004 года на працоўным месцы, у кабінеце галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”, ад сардэчны прыступу, - перахадзіў на нагах тры інфаркты, а чацвёртага не перажыў.
«Нам адпушчана так небагата...», «Мы ўсе на зямлі гэтай госці», – гэта радкі з апошніх вершаў Алеся.
Мо ён прадчуваў свой блізкі сыход? Але вельмі сумна ад таго, што ён так мала пажыў і што шмат яшчэ павінен быў напісаць і зрабіць…
Але радасна тое, што яго не забылі. Імем А. Пісьмянкова названа Кастюковіцкая дзіцячая бібліятэка. А ў Кастюковіцкім раёне рэгулярна адбываецца абласное свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг».