top of page

Адбыўся XVII справаздачна-выбарчы з'езд ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Больш за дзве з паловай сотні літаратараў сабраліся 4 сакавіка ў мінскім Палацы мастацтваў, дзе адбыўся XVII справаздачна-выбарчы з'езд ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». На сходзе абралі кіраўніцтва і новы склад Рады СБП, а таксама прынялі шэраг дакументаў па надзённых пытаннях у сферы культуры.

На адкрыцці ўдзельнікаў з'езду павіталі Уладзімір Някляеў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Кіеўскай арганізацыі Нацыянальнага саюзу пісьменнікаў Украіны Уладзімір Даніленка, член Праўлення Літоўскага саюзу пісьменнікаў Вітаўтас Дэкшніс, кіраўнік МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. Анатоль Івашчанка зачытаў прывітальнае слова ад пісьменніцкай арганізацыі Швецыі.

З асноўным дакладам на з'ездзе выступіў старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч.

За час, які прайшоў з мінулага з'езда напрыканцы 2011 года, Саюз беларускіх пісьменнікаў павялічыўся на 79 чалавек і стаўся адной з найбуйнейшых грамадскіх арганізацый краіны, цяпер у яго ўваходзіць 470 літаратараў – паэтаў і празаікаў, перакладчыкаў і крытыкаў, драматургаў. Саюз выдае і падытрымлівае кніжныя серыі «Кнігарня пісьменніка», «Каляровы ровар», «Пункт адліку», а таксама «Бібліятэка часопіса «Дзеяслоў». Вакол часопіса «Дзеяслоў» і газеты «Літаратурная Беларусь» гуртуюцца найлепшыя літаратурныя сілы краіны. Многія сябры Саюза пісьменнікаў за гэты час былі ўганараваныя прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі, а Святлана Алексіевіч стала адзінай на постсавецкай прасторы лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры. За пяць гадоў адбыліся тысячы літаратурных імпрэзаў, праходзілі літаратурныя фестывалі памяці Міхася Стральцова, пры непасрэдным удзеле СБП былі заснаваныя літаратурныя прэміі імя Ежы Гедройца, Максіма Багдановіча, Карласа Шэрмана, Цёткі. Штогод для моладзі праводзіўся Літаратурны конкурс «Экслібрыс», а з 2012 года пры СБП пачала працу Школа маладога пісьменніка, першы ў Беларусі адукацыйны праект Сreative writing, дзе прайшлі падрыхтоўку каля сотні маладых літаратараў.

Галоўным вынікам з'езду сталася распрацоўка і ўхваленне дакументаў па найбольш праблемным пытанням нацыянальнай культуры. Удзельнікі з'езда прынялі выніковую рэзалюцыю да беларускіх уладаў, у якой, сярод іншага, адзначылі важнасць паслядоўнай абароны незалежнасці ва ўмовах расійска-ўкраінскага ваеннага канфлікту; прапанавалі распрацаваць і ажыццявіць стратэгію па пашырэнні арэалу ўжывання беларускай мовы на ўсіх узроўнях грамадскага жыцця; падкрэслілі неабходнасць ільготнага падаткаабкладання для выдаўцоў беларускамоўнай літаратуры; заклікалідаць належную ацэнку злачынствам таталітарнай савецкай сістэмы, правесці інфармацыйную кампанію па пытаннях дэкамунізацыі грамадства, запатрабавалі ўшанавання мемарыяла «Курапаты», а дзень 29 кастрычніка абвясціць афіцыйным Днём памяці ахвяр сталінскага тэрору.

Акрамя асноўнай рэзалюцыі, былі прынятыя заявы XVII з'езда «З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання», «Па сітуацыі з літаратурнымі музеямі», «Па сітуацыі ў Курапатах».

Пасля прыняцця выніковых дакументаў былі праведзеныя выбары кіруючых органаў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Старшынём ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» быў пераабраны Барыс Пятровіч Сачанка. Таксама быў абраны новы с клад Рады СБП, які, у сувязі з узбуйненнем арганізацыі, з 35 чалавек павялічыўся да 39. Сярод сяброў Рады – Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Раіса Баравікова, Алена Брава, Анатоль Вярцінскі, Галіна Дубянецкая, Алесь Жук, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько і інш.

bottom of page