Чалавек светлай души
Сонечным летам 1977 года мне, тады пачынаючаму выкладчыку кафедры беларускай літаратуры МДПІ, давялося кіраваць фальклорнай практыкай. Ужо не памятаю, з якой нагоды, відаць, параіў нехта са студэнтаў, - выбраў я Касцюковіцкі раён. Дамовіліся з дырэкцыяй Бялынкавіцкай сярэдняй школы пра пасяленне ў інтэрнаце, пад які прыстасаваны быў стары драўляны будынак былой школы. Ложкаў не было, бо ў двухпавярховым цагляным гмаху ў той час размяшчаўся дзіцячы летні лагер адпачынку. Таму ў нас сапраўды было паходнае абсталяванне: разаслалі матрацы на падлозе, праўда, былі простыні і коўдры. Аднак, здаецца, на бытавую неўладкаванасць надта не звярталі ўвагі, бо прыехалі ўсяго на два тыдні. Раніцай з 8.00 да 11.00 і пасля з 16.00 да 18.00 студэнты хадзілі па бліжэйшых вёсках, запісвалі фальклор і асаблівасці мясцовых гаворак (дыялекты). Днём загаралі і купаліся ў Бесядзі.
У Бялынкавічах у той час быў дом-інтэрнат для пажылых і адзінокіх людзей. Там жылі прадстаўнікі не толькі з Магілёўскай вобласці. Да іх таксама наведваліся студэнты, запісвалі песні як ў сольным, так і калектыўным выкананні на невялічкі партатыўны магнітафон “Спутник”, вечарам слухалі “Плавала вядзерца”, “Сівы конь бяжыць” і іншыя. У тым годзе якраз выйшаў зборнік Янкі Брыля “Акраец хлеба”, які я прыхапіў з сабой. Мой памочнік, у той час малады асістэнт кафедры беларускай мовы, Мікола Бузук чытаў уголас поўныя народнага досціпу ўрыўкі з аповесці “Ніжнія Байдуны”, якія выклікалі залівісты смех моладзі. Вось у такія вечары прыходзіў з вёскі Белы Камень светлавалосы і ўжо, здаецца, з пшанічнымі вусікамі, як сам назваўся – Алесь Пісьмянкоў.
Ён таксама слухаў, весела разам з усімі смяяўся, не даючы ніякіх каментараў пра тое, ведае гэты твор ці не. Неўзабаве М.П. Бузук павінен быў паехаць на заняткі з завочнікамі, і тады ўжо ўвагу на сябе браў Алесь Пісьмянкоў. Голас ён меў басавіты, расказваў розныя смешныя гісторыі і здарэнні на фальклорнай практыцы пад кіраўніцтвам Н.С. Гілевіча. Але найчасцей чытаў вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, як помніцца, урыўкі з “Новай зямлі”, Аркадзя Куляшова і многіх іншых. Я проста здзіўляўся, бо сваіх студэнтаў я ледзь прымушаў вывучыць нейкіх пяць вершаў. Чытаў, відаць, і свае, бо тады ўжо многае было надрукавана ў “Магілёўскай праўдзе”. Я чытаў тыя творы, але тады неяк зусім не суадносіў іх з гэтым юнаком як магчымым аўтарам. Нашы студэнткі былі ад яго ў захапленні, адна нават і зусім закахалася.
Алесь Пісьмянкоў хораша расказваў пра мясцовасць Прыбесяддзя, розныя гісторыі з жыцця абарыгенаў. Менавіта ён дапамог студэнтам У. Дзянісаву і С. Вялюгу знайсці дарогу на Канічы, куды я адправіў іх запісаць усё, што кажуць там людзі пра вядомага дзіцячага пісьменніка Васіля Хомчанку. Хлопцы туды схадзілі, але нічога не запісалі, сяльчане да іх аднесліся з недаверам, а самому пайсці з імі не выпадала.
Сустрэчы нашы прадоўжыліся ўжо значна пазней, калі Алесь Пісьмянкоў на пачатку 80-х гадоў працаваў у часопісе “Полымя”, а я на той час быў даволі актыўным яго аўтарам. Там можна было сустрэцца з цікавымі людзьмі, пачуць літаратурныя навіны. На жаль такіх сустрэч надаралася не шмат, ды і з размоў мала што захавалася ў памяці.
Больш запамінальнымі сталі сустрэчы з 1990-га года, калі А. Пісьмянкоў працаваў ужо намеснікам старшыні Саюза
беларускіх пісьменнікаў, які тады ўзначальваў В.В. Зуёнак. У канферэнц-зале Дома літаратара тады праходзілі і пасяджэнні Рады ТБМ імя Ф. Скарыны, сябрам якой з’яўляўся і я. У той час ішоў да завяршэння збор матэрыялаў для будучагага Музея ў Магілёўскім педагагічным інстытуце імя А.А. Куляшова. Для экспазіцыі патрэбны былі здымкі і рукапісы пісьменнікаў. Кнігі пісьменнікі прысылалі, а вось з астатнім справы ішлі не лепшым чынам. На мае тэлефонныя званкі, напрыклад, Сяргей Грахоўскі гаварыў, што магілёўцы яго не прызнаюць за свайго, паколькі нарадзіўся наогул за межамі Беларусі. Толькі пасля размовы з А. Пісьмянковым ён згадзіўся на сустрэчу са мною, аднак ніякіх дакументаў не даў, толькі падпісаў кнігу для музея. Паспрыяў ён і сустрэчы з родзічамі А. Зарыцкага і К. Кірэенкі.
Восенню 1993 года наш інстытут рыхтаваўся да 80-гадовага юбілею з часу заснавання. Вырашана было пачаць святкаванні з адкрыцця музея “Літаратурная Магілёўшчына”. Для ўрачыстасцей быў запрошаны А. Пісьмянкоў. Менавіта ён з рэктарам Я.П. Кудрашовым перарэзаў чырвоную стужку. Паэт сказаў: – Зроблена вялікая справа. Магілёўшчына багатая на таленты. Побач з А. Куляшовым працавалі А. Русецкі, А. Зарыцкі, П. Прыходзька, празаікі В. Хомчанка, І. Чыгрынаў, М. Стральцоў, Л. Левановіч, славу Магілёву прынеслі В. Матэвушаў і А. Пысін, мае свае мастацкія напрацоўкі сучасная пісьменніцкая арганізацыя, расце моладзь.
Наогул сустрэчы тады былі даволі частымі. Да 85-годдзя Аркадзя Куляшова ў Касцюковічах праводзілася вялікая вечарына, прымаў удзел у ёй і А. Пісьмянкоў разам Л. Левановічам, ад Магілёва, акрамя мяне, былі С. Украінка і М. Яцкоў. Тады таксама было многа цікавых гаворак пра літаратуру.
Апошні раз А. Пісьмянкоў прыязджаў у Магілёў разам з Ю. Свіркам і А. Зэкавым. Пасля сустрэч з чытачамі мы на кватэры ў В. Рагаўцова гаварылі пра літаратуру, розныя здарэнні з пісьменнікамі. Там Ул. Дзянісаў напомніў пра далёкія ўжо сустрэчы студэнцкіх гадоў, а я не ведаю нават з якой нагоды прыпомніў А. Ставера, нешта ў тым сэнсе, што ён як пісьменнік так і не спраўдзіўся. – О, гэта цікавая асоба. Ён кінуў Мінск, з’ехаў у вёску, – сказаў Алесь. – Мы там бывалі. Пра яго хадзілі легенды. Меў стары "масквічок", але так і не здаў на правы. Ездзіў без усялякіх правілаў. Калі затрымлівалі даішнікі, казаў, што ён паэт, аўтар песень “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Беларусачка”. Яго ўшчувалі і адпускалі. Ды ўсё гэта дабром не кончылася: загінуў у аўтамабільнай аварыі.
Алеся Пісьмянкова неяк надта любілі пасады, і заўсёды трапляў у самыя складаныя сітуацыі. Неяк у Мінску спытаў у яго пра творчыя планы. – Якія планы, – адказаў ён. – Во разграбаю бухгалтарскія справы аб’яднання “Крыніца” – “Лім”. Кантралёры сядзяць у кабінеце. Тады ён быў толькі што прызначаны рэдактарам гэтага штотыднёвіка. На пачатку новага стагоддзя з’ява ў нейкай ступені паўтарылася. Мы збіраліся святкаваць 90-ю гадавіну з дня нараджэння А.Куляшова. Я зноў накіраваўся ў Мінск, каб дамовіцца аб прыездзе пісьменнікаў, пажадана лаўрэатаў прэміі імя А. Куляшова. Зайшоў да А. Пісьмянкова – ён толькі што быў прызначаны рэдактарам часопіса “Вожык”. – Не магу. Кантралёры, капаюць за ўсе папярэднія гады. А тут сэрца заціскае, немагчыма цярпець. – Дык кінь, няхай капаюць, кладзіся ў бальніцу. Апошнія гады ён скардзіўся на болі ў сэрцы. – Не. Нельга пакідаць калектыў. Што падумаюць? Тады ў Магілёў прыехалі М.Я. Аўрамчык, К.В. Камейша і В.А. Куляшова з сынам.
А ў красавіку, калі я прыйшоў на працу, мяне проста агаломшылі весткай: памёр А. Пісьмянкоў. У адным з апошніх вершаў - “Мастак” ён пісаў, што ў адзінокім таленце згінуў адразу Гегель, Гогаль і Ван Гог.
Ты яго не знойдзеш зорку – Ён ступіў за Той парог. Зараз з ім вядуць гаворку Гегель, Гогаль І Ван Гог.
Недзе Там ужо і В. Рагаўцоў, і Ул. Дзянісаў. Можа і сустрэліся, і слухаюць зноў Яго...
Час ідзе, а Алесь Пісьмянкоў жыве ў паэзіі, бо выпадковага ў яго не было.
Яраслаў Клімуць