top of page

Паэтычны перформанс напярэдадні Сусветнага Дня паэзіі

18 сакавіка Магілёўскі гарадскі літаратурны клуб “Святліца” (кіраўнік клуба Тамара Аўсяннікава) адзначыў Сусветны дзень паэзіі ў дзіцячай філіял-бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Надвор’е не спрыяла святочнаму настрою, але гэта не перашкодзіла аматарам паэзіі сабрацца разам. І каб стварыць адпаведную атмасферу, дзяўчаты запалілі свечкі.

Вечарыну адкрыла вядоўца Алена Быкава вершам паэткі Кацярыны Самігулінай, а потым зрабіла экскурс у гісторыю свята і аб’явіла паэтычную размінку.

Алена Быкава

Было прапанавана тры тэмы: вясна, каханне, паэзія. Прагучалі вершы вядомых і малавядомых паэтаў на рускай і беларускай мовах, а таксама ўласныя вершы.

Затым удзельнікі свята прапанавалі тэмы для імправізацыі: люстэрка, страх, слава; свабода, стагнацыя, святло. У пятнаццаць хвілін уклаліся сябры клуба і прачыталі толькі што створаныя імі вершаваныя радкі і замалёўкі.

Марына Сліўко

Паэтычны перформанс працягнула госця клуба – Марына Сліўко, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая піша на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Спадарыня Марына распавяла аб сваіх кнігах “Зорныя арэлі” і “Пилигримы Вселенной”, аб цыкле вершаў “Питерская палитра”, а таксама адказала на шматлікія пытанні. Дзяўчаты цікавіліся, як мова ўплывае на твор, што паслужыла штуршком да напісання дзіцячых вершаў. Марына Сліўко засяродзіла ўвагу на важнай ролі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. “На вялікі жаль,у школе я не любіла беларускую мову. – заўважыла паэтка, – І толькі дзякуючы выкладчыку МДУ імя А. А. Куляшова Мікалаю Пятровічу Бузуку адносіны мае да мовы змяніліся і нават вершы пачала пісаць па-беларуску. І працытавала свае радкі:

Руская мова – крылы маіх думак,

Беларуская мова – мелодыя майго сэрца!

Пасля асноўнай часткі дзяўчаты яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі за кубачкам гарбаты.

Даведка: У 1999 годзе на 30-й сесіі генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА была вырашана штогадова адзначаць сусветны Дзень паэзіі 21 сакавіка.Такі крок павінен паспрыяць стварэнню пазітыўнага іміджу паэзіі як сапраўднага сучаснага мастацтва. Першае свята прайшло 21 сакавіка 2000 года ў Парыжы, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЮНЭСКА. У гэты дзень у шматлікіх краінах праходзяць літаратурныя вечарыны, уручаюцца літаратурныя прэміі.

  • White Vkontakte Icon
  • White Instagram Icon

© 2017. Магілёўскае абласное аддзяленне ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Сайт створаны на Wix.com

Мы на сувязі

Паштовы адрас

а/я 43 

212030  г.Магілёў, Беларусь

bottom of page