"Ніці" Лідзіі Андрэевай - ад сэрца і да сэрцаў
21 мар. 2017 г.
4 мин. чтения

20 сакавіка, напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, ў Горацкай раённай бібліятэцы імя М.Гарэцкага адбылася прэзентацыя новага зборніка члена Саюза беларускіх піьменнікаў, народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Лідзіі Андрэевай — «Ніці». Павіншаваць вядомую мясцовую паэтку з выхадам ужо дзявятай кніжкі сабраліся сябры, калегі ды проста зацікаўленыя яе творчасцю людзі.

Вершы Лідзія Андреўна пачала пісаць ужо пасля выхаду на пенсію, калі была падведзена рыса пад 40-гадовай добрасумленнай працай на зоаінжынерным факультэце Горацкай сельгасакадэміі.
Першыя творы пад псеўданімам "Андрэева" з’явіліся ў 1999 годзе на старонках раённай газеты «Ленінскі шлях». Потым былі калектыўныя выданні «Акадэмічны вянок», «Блікі памяці» і мноства персанальных зборнікаў — «Спешу сказаць...», «Жыватворная крыніца», «Споведзь», «На хвалях вечнасці» ды іншыя. Усе яны атрымаліся надзвычай яскравымі і непадобнымі адзін на аднаго. Яно і не дзіўна: за плячыма аўтара доўгі і цікавы жыццёвы шлях. Менавіта таму і творы яе — споведзь душы, што імкнецца перадаць праз вершаванае слова свой боль, хоча неяк пераасэнсаваць пройдзенае і пражытае. «Ад любасці верш мой ідзе», — сама прызнаецца паэтка ў адным з сваіх твораў.

І вось зусім нядаўна ў мінскім выдавецтве «Белпрынт» убачыў свет дзявяты паэтычны зборнік, назва якога заклікана падкрэсліць духоўныя сувязі кожнага чалавека і Сусвета.
Падчас прэзентацыі кнігі ў чытальнай зале бібліятэкі аўдыторыя слухала новыя вершы ў аўтарскім выкананні, віншаванні і меркаванні аматараў паэтычнага слова, а таксама змагла даведацца пра творчыя планы паэткі на будучыню.
Аб'ява напярэдадні вечарыны Лідзія Андрэева Аляксандр Каданчык Ганна Малько Вітанне ад роднай кафедры перадае Георгій Мяснікоў Выступае Тамара Крамінкіна Вікторыя Махначова і Уладзімір Воранаў Выступаюць Вікторыя Махначова і Уладзімір Воранаў Вітанне ад удзельнікаў Спадчыны - Вольга Кучына, Марыя Багданава, Аляксандр Пячонаў і Ірына Шаўчук
Так, Лідзія Андрэеўна расказала пра пісьменнікаў, творчасць якіх здзейсніла ўплыў на яе станаўленне як творцы. «Мне пашанцавала сустрэць на сваім шляху цудоўных людзей, — падзялілася яна ўспамінамі пра стасункі з вядомымі паэтамі. — Для мяне вельмі важна, каб людзі трапна, няхай нават дзесьці і крытычна, але гаварылі словы пра мае вершы. І хачу сказаць, што ў Горках жывуць людзі, якія добра разумеюць паэзію». Сярод іх, па словах пісьменніцы, адзін з першых рэдактараў яе вершаў, чалавек, які працягвае даваць ёй карысныя парады наконт майстэрства слова, — кандыдат гістарычных навук, выкладчык БДСГА Аляксандр Каданчык. Дарэчы, ён таксама прысутнічаў на сустрэчы і без пажаданняў не абышлося: «Вы цудоўная прыгожая жанчына. І вы ўжо сказалі сваё слова ў паэзіі. Але не трэба спыняцца, толькі наперад!».
У сваей размове спадарыня Лідзія закранула таксама праблему вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Яшчэ і з той нагоды, што на прэзентацыі па ініцыятыве мясцовага аддзела адукацыі сабралося багата настаўнікаў гэтых прадметаў са школ горада і раёна. «Я заўседы імкнулася рабіць нешта дзеля роднай мовы, бо вельмі хварэю за яе пачэснае месца сярод астатніх. — падкрэсліла сваю пазіцыю горацкая пісьменніца. — І я не магу бачыць, як гэтая мова зневажаецца». Паэтка рэкамендавала прысутным педагогам актыўна выкарыстоўваць яе творы ў сваіх школах для папулярызацыі беларускай спадчыны - у якасці карыснага прыклада яна прывяла сваю нядаўнюю кніжку «Мая сям’я ад А да Я». Настаўнікі расказалі, што ўжо знаёмяць вучняў з творамі мясцовых аўтараў на "Паэтычных хвілінках" у сваіх школах.
Аб значнасці твораў паэткі ў папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцей, беларускай літаратуры і культуры ў цэлым гаварыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Саўскага вучэбна-педагагічнага комплекса Тамара Крамінкіна.
Дацэнт кафедры рускай і беларускай моў акадэміі Ганна Малько ў сваей прамове ўзгадала мерапрыемствы з нагоды Дня роднай мовы, на якіх Лідзія Андрэеўна сустракалася са студэнтамі: «Я ім гаварыла — вось з каго трэба браць прыклад: гэта чалавек, які прысвяціў жыццё беларускай мове!»
Трэба адзначыць, што Лідзія Андрэева не толькі піша добрыя і прыгожыя вершы, але і актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці Горацкага раёна ды і наогул краіны. У складзе творчых дэлегацый яна пастаянная ўдзельніца рэспубліканскага свята «Дзень беларускага пісьменства і друку», абласнога фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», шматлікіх літаратурных мерапрыемстваў па творчасці беларускіх класікаў. Таму зусім невыпадкова, што адзін з раздзелаў новага зборніка мае назву «Імя як помнік». Яго складаюць прысвячэнні вядомым паэтам, знакамітым асобам, сярод якіх — Ніл Гілевіч, Уладзімір Мулявін, Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Высоцкі.
У сваім выступленні-віншаванні галоўны бібліятэкар акадэмічнай бібліятэкі Марыя Студнева адзначыла менавіта свае асабістыя ўражанні ад творчасці Андрэевай: «Мне ўдалося ўбачыць, што новая кніга зусім не падобная да іншых. Яе, на мой погляд, нельга прачытаць за раз — да яе трэба звяртацца ў тыя хвіліны, калі захочацца глытка сапраўднай роднай мовы, адчуць яе асалоду».
Нельга не заўважыць адметную рысу новага зборніка — дастатковую колькасць перакладаў. У апошні час пісьменніца натхнена працуе ў гэтай сферы. Захаваць асаблівасці арыгіналу, яго змест, рытміку і памер — усё гэта патрабуе ад аўтара нямалага майстэрства, і Лідзія Андрэеўна прадэманстравала сваю здольнасць авалодаць гэтай складанай паэтычнай працай. Прачытаным ёю перакладам вядомых рускіх паэтаў характэрна асаблівая беларускамоўная адметнасць, і гэта не пакінула абыякавымі гасцей сустрэчы.
Гучалі і песні на словы Лідзіі Андрэевай – “Хлеб” і “Ты – адзіная” у выкананні мясцовых салістаў Вікторыі Махначовай, Андрэя Шутава і Уладзіміра Воранава, а таксама перакладаў вядомай песні “Тонкая рябина” і рамансаў “Утро туманное”, “Ночь светла” ─ у выкананні ўдзельнікаў народнага акадэмічнага хора “Спадчына”.
Напрыканцы прэзентацыі, адказваючы на пытанне пра свае творчыя планы, Л. Андрэева прызналася, што ўзялася за распрацоўку вельмі сур’езнай гістарычнай тэмы — рыхтуецца да выхаду паэма «Сэрца зямлі», якая будзе прысвечана вызваленню нашага раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Паэтка разумее, якая вялікая адказнасць на ёй ляжыць у сувязі з гэтым, і таму паабяцала будучым чытачам не спяшацца з хуткім выпускам паэмы і працягнуць сваю працу над ёй. Застаецца толькі пагадзіцца са словамі А.Каданчыка — «Спадзяемся, што гэта будзе добрая прадукцыя!»
Фотаздымкі © Міхаіла Ляўцова
Фотарэпартаж газеты "Горацкі веснік" глядзець тут
Націскаючы на словы, пазначаныя чырвоным колерам, можна перайсці па спасылках.


Комментарии