Віктару Іванавічу Арцем'еву - 90 ! Віншуем!
Віктар Іванавіч Арцем'еў нарадзіўся 21 сакавіка 1927 года ў в.Радзішына Шклоўскага раёна. Скончыў Магілёўскае культпрасветвучылішча імя Н.К. Крупскай (1948), вячэрні ўніверсітэт марксізму-ленінізму пры Мінскім гаркаме КПБ (1950), Мінскі педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (1969). Працаваў у розных бібліятэчных установах, загадчыкам аддзела культуры Чэрыкаўскага райвыканкама, інспектарам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, загадчыкам аддзела Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна, выкладчыкам Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2008). Лаўрэат прэміі імя Якуба Усікава Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі".
Кніжная выстава ў абласной бібліятэцы, прысвечаная творчасці В.Арцем'ева Фота http://library.mogilev.by/
Віктар Іванавіч – нястомны даследчык і прапагандыст пысінскай паэзіі, аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў. Сярод яго твораў: "Вянок Аляксею Пысіну", "Паэт вузел завязаў", "Пысіны: ад прадзеда да ўнука", "Урокі Аляксея Пысіна", "Радзішанскі летапіс вайны", "Радзішына", "Чарэйцаў круг", "Палкоўнік Пётр Асмалоўскі", "Слоўцы-адмыслоўцы", "Вянок Анатолю Сербантовiчу", "Цячэ рэчка Бася", "Вайна на свае вочы", "Мова родная – беларуская", "Пісьменнікі і кнігі", "Шчодрасць душы" і інш.
Мы віншуем Вас, Віктар Іванавіч, з вялікім Юбілеем, жадаем моцнага здароўя, душэўнай нястомнасці, імклівасці ў думках і памкненнях! Няхай і надалей Ваша праца кладзецца залатым зернем у глебу беларускай нацыянальнай культуры!