Віктару Іванавічу Кунцэвічу - 60 ! Віншуем!
Паэт і празаік Віктар Іванавіч Кунцэвіч нарадзіўся 21 сакавіка1957 года ў вёсцы Чырвоны Бор Бялыніцкага раёна. Скончыў Магілёўскае ГПТВ № 54, БДУ (1995). Працаваў на Магілёўскім заводзе зборнага жалезабетона №7, вадзіцелем таксі, карэспандэнтам магілёўскай раённай газеты "Прыдняпроўская ніва" (1996–1998), у гарадской газеце "Веснік Магілёва" (1999), з 2000 г. – прадпрымальнік па перавозцы пасажыраў маршрутнага таксі.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Зараз працуе галоўным спецыялістам Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі", узначальвае секцыю "Паэзія", адначасова курыруе літаратурную старонку газеты "Магілёўскія ведамасці".
Кніжная выстава ў абласной бібліятэцы, прысвечаная творчасці В.Кунцэвіча Фота http://library.mogilev.by/
Паэзіі Віктара Кунцэвіча ўласцівы шырокі дыяпазон тэм, свежасць вобразаў і дэталяў, паглыбленасць у духоўны свет лірычнага героя.
З-пад пяра Віктара Кунцэвіча выйшлі паэтычныя зборнікі "Зваротныя масты" (1996), "Горкая спакуса" (1999), "Одинокий дождь" (2005), "Гул у звоне" (2010); містычная аповесць "Вярні маю душу…", апавяданні "Мы яшчэ пагаворым", "Я чакаю цябе", "Без пяці мінут жонка".
В. Кунцэвіч актыўна друкуецца ў калектыўных зборніках: "Матчына слова", "Дняпроўскія хвалі", "Прыдняпроўе – маё натхненне" (2009), "Прыдняпроўе" (2011, 2012, 2015), "Прыдняпроўе – край талентаў" (2014). Ён – аўтар баек, сатырычных вершаў, у якіх трапна высмейвае заганы ў навакольным быцці. Шмат іх надрукавана ў часопісе "Вожык".
Віншуем Вас, Віктар Іванавіч, з Юбілеем! Жадаем добрага здароўя і новых высокіх узлётаў у неабсяжнае літаратурнае неба нашай Бацькаўшчыны!