Водгук свята: Алесь Сабалеўскі паслухаў і пабачыў Сакавіцкага грака
Напярэдадні сусветнага Дня паэзіі магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы разам з бібліятэкай імя Янкі Купалы і пра падтрымцы абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў зладзіла паэтычную імпрэзу "Сакавіцкі грак".
У нядзелю 19 сакавіка чытальная зала бібліятэкі ледзь змясціла ўсіх аматараў паэтычнага слова. Гасцямі сустрэчы сталі як знакамітыя магілёўскія паэты, так і паэты-пачаткоўцы. Да ўдзелу былі запрошаны аматары паэзіі самых розных узростаў, усе, хто сам піша вершы або чытае на памяць. Больш за дзве гадзіны доўжылася імпрэза, вершы гучалі не толькі па-беларуску, але і на розных іншых мовах. А на заканчэнні сустрэчы нават быў запачаткаваны новы гарадскі паэтычны конкурс.
Адкрывала імпрэзу Галіна Жмачынская -
загадчыца бібліятэкі імя Янкі Купалы.
З уступным словам да свята паэзіі выступіў Алег Дзьячкоў - старшыня гарадской суполкі ТБМ імя Ф.Скарыны.
Побач з ім Таня Турандзіна, першакласніца з адзінага ў Магілёве беларускамоўнага класа.
"Мы спачатку мы думалі зладзіць імпрэзу для пачынаючых маладых паэтаў, але вырашылі зрабіць у іншым фармаце. Галоўная ідэя каб вершы змаглі прачытаць усе, хто хоча, а не той, хто ўжо рэалізаваны, масціты аўтар, хто можа як па шаблоне пачытаць. Так і атрымалася. І яшчэ была ідэя не абмяжоўвацца толькі адной беларускай мовай, таму мы запрасілі і з украінскай дыяспары людзей, і на ідыш прагучалі вершы, па польскі і нават па ангельскі, ну і канешне па руску" - пракаментаваў падзею старшыня гарадской суполкі ТБМ імя Ф.Скарыны Алег Дзьячкоў.
Пачалі паэтычныя чытанні юныя ўдзельнікі – вучаніца адзінага ў Магілёве беларускамоўнага класа СШ № 34 Таня Турандзіна, вучні СШ № 25 Арцём Новікаў, Ліза Дзямідава і Аліна Макарава.
Таня Турандзіна, СШ № 34
Арцём Новікаў, СШ № 25
Наста Падрабінкіна, вучаніца 11 класа ліцэя №1, прачытала свае вершы на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гучалі вершы на украінскай мове ў выкананні Алены Громавай, а Святлана Левянец чытала вершы і нават праспявала некалькі песень на ідыш. Песня аб яўрэйскай маці, якую спадарыня Святлана спачатку выканала на ідыш, а затым на рускай мове, вельмі кранула слухачоў.
Наста Падрабінкіна - маладая і таленавітая паэтка,
удзельніца магілёўскага літаратурнага клуба "Святліца".
Уважлівыя слухачы
Святлана Левянец уразіла ўсіх пранікнёнымі вершамі і спевамі на ідыш.
Узнагарода за вершы - шчырыя апладысменты.
З вядомых магілёўскіх літаратараў на свяце паэзіі прысутнічалі Тамара Аўсяннікава, Міхась Булавацкі і Таццяна Барысік.
Тамара Аўсяннікава, літаратар, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, кіраўнік паэтычнага клуба "Святліца"
Міхась Булавацкі, настаўнік, паэт і перакладчык,
намеснік старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення СБП
Таццяна Барысік, літаратар, сябра СБП.
Вершы на паэтычным свяце чыталіся самыя розныя - і сумныя,
і вясёлыя, як вядомых паэтаў-класікаў, так і проста аматарскія.
Ніхто не застаўся абыякавым да вершаванага слова,
усе прысутныя атрымалі вялікае задавальненне.
Імпрэза была надзвычай цікавая і зацягнулася амаль на дзве гадзіны.
Напрыканцы сустрэчы Тамара Аўсянікава прапанавала запачаткаваць паэтычны конкурс, які можна было б так і праводзіць у Дзень паэзіі. Яна ўзгадала, што некалі ў Магілёве ладзіўся падобны літаратурны фестываль для паэтаў-пачаткоўцаў "Пластылінавы бусел". Ён доўжыўся на працягу сямі гадоў і даў добры старт немалай колькасці магілёўскіх паэтаў. Фестываль у свой час нават перарос межы горада і стаў міжнародным.
Прысутныя вельмі актыўна падтрымалі ідэю і нават адбылося галасаванне за яе, пры чым падтрымка была амаль адзінагалосная. Атрымалася, што сённяшняя сустрэча фактычна сталася ўстаноўчым сходам новага паэтычнага фэсту. Спадарыня Тамара прапанавала і назву конкурсу - "Сакавіцкае рэха", што было ўсімі прынята. Адразу з'явіліся і прапановы. Настаўнік, паэт і перакладчык Міхась Булавацкі прапанаваў, каб новы паэтычны конкурс доўжыўся на працягу ўсяго года, у некалькі этапаў, а "Сакавіцкае рэха" сталася б яго фіналам. Было адзначана, што вельмі добра падыходзіць для правядзення такога конкурсу і памяшканне бібліятэкі, тым больш што зараз яна носіць імя нашага вялікага паэта-песняра Янкі Купалы. Спадзяёмся, што аматары паэзіі гэтак жа актыўна падтрымаюць новы фестываль як сваімі справамі так і ўдзелам у ім.
Бібліятэка імя Янкі Купалы (філіял №9 гарадской бібліятэкі)
месціцца па адрасе праспект Дзімітрава, дом 55.
Пра паэзію, цікаўнасць да яе магілёўцаў, і пра сёняшнюю падзею пасля імпрэзы паразмаўлялі з арганізатарамі свята:
"Цяга да паэзіі ёсць, хоць можа і не такая, як калісьці раней. Але трэба для гэтага рабіць крокі, прапагандаваць, вось як напрыклад на сённяшнім мерапрыемстве. Я вяду паэтычны гурток, у якім у асноўным рускамоўныя маладыя людзі, але ўжо некаторыя паступова пераходзяць і да беларускай мовы, і я рада гэтаму. Узровень сучаснай беларускай паэзіі досыць высокі, ёсць шмат вельмі цікавых і магілёўскіх аўтараў. Многа і пачынаючых, але якім патрэбна дапамога. Вось Наста Падрабінкіна прыйшла да мяне ў сёмым класе, а зараз ужо ў адзінаццатым, і мы з ёй пачыналі з беларускіх вершаў, можа спачатку ў яе вершы былі і недасканалымі, але калі падказваеш, дапамагаеш у станаўленні, зрухі вельмі вялікія" - распавяла Тамара Аўсянікава.
Загадчыца бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Жмачынская расказала пра сваю працу і цікаўнасці чытачоў: "Ёсць нямала чытачоў, якім падабаецца паэзія, мы і выставы адмысловыя ладзім, дні паэзіі. Цікаўнасць да вершаў не знікае, гэта паказала і сённяшняя імпрэза, хоць канешне чытаюць больш расейскіх класікаў - Пушкіна, Ясеніна. Зараз мы кожны чацвер праводзім дзень беларускай мовы. Мы заўсёды выстаўляем у фае кнігі нашых пісьменнікаў, і, звярну ўвагу, што чытачы абавязкова падыходзяць, знаёмяцца з выданнямі. Чым больш мы будзем звяртаць увагу на нашу мову, тым больш яна будзе пашырацца і гучаць".
"Сёння былі і моладзь, і ва ўзросце людзі, і зусім маленькія дзеткі. Прыйшлі нашы таленавітыя дзяўчынкі з першага беларускага класа. Нам трэба пашыраць інфармацыю пра беларускамоўнае навучанне, а нашых цудоўных дзетак найчасцей запрашаць на падобныя імпрэзы. Дзякуй і супрацоўнікам бібліятэкі за падтрымку нашых культурніцкіх мерапрыемстваў", - падсумаваў падзею Алег Дзьячкоў.
Алесь Сабалеўскі.
Фота аўтара.