top of page

Магілёўскую "Браму" чытаюць і на Вілейшчыне

Днямі ад пісьменніка, сябра СБП Уладзіміра Кажамякі прыйшла бандэроля з ягонай новай кнігай - "Цяпер і мне ўспомніць можна". На адной з старонак узгадваецца наш магілёўскі альманах і гучыць аўтарскі вокліч: "Паважаныя сябры! Чытайце "Браму"...." Такая даніна павагі выданню - вельмі прыемная па сваёй прыгожай сутнасці.

Уладзімір Сцяпанавіч Кажамяка - пісьменнік, краязнаўца, жыве ў вёсцы Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці і вельмі паважна ставіцца да гісторыі родных мясцін. Прапануем вашай ўвазе адзін з матэрыялаў У.Кажамякі, які быў змешчаны на сайце "Рэгіянальная газета".

ЗОРНАЯ ІЛЬЯ

Некалі вёска Ілья была ўласнасцю Міхала Клеафаса Агінскага, а Міхал быў не толькі кампазітарам, а і таленавітым літаратарам.

У Ільі жыў і пісаў свае кніжкі Іліер Менашэ, яўрэйскі равін і вучоны-асветнік. Тут у школе працавала настаўніцай Эмілія Кунавіч – польская пісьменніца.

У Ільі ў ешыбоце вучыўся будучы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. А на хутары Вінцентова, паблізу Ільі, пісаў вершы і друкаваў іх у “Нашай Ніве” Альфонс Петрашкевіч, які быў знаёмы з Бядуляй.

Алесь Салавей, таленавіты беларускі паэт, напісаў у Ільі некалькі цудоўнейшых вершаў, калі знаходзіўся тут пару месяцаў у 1942 годзе.

У Ільі нарадзіўся Святаслаў Коўш, святар, дзеяч беларускага замежжа і аўтар літаратурных твораў.

У Батурына, недалёка ад Ільі, нарадзіўся і жыў Пётра Сыч, пісьменнік, вязень сталінскіх лагераў, удзельнік Другой Сусветнай вайны, герой бітвы пад Монтэ-Касіна, аўтар многіх вершаў і знакамітай аповесці “Смерць і салаўі”, супрацоўнік радыёстанцыі “Свабода”. Знаходзячыся на чужыне, Пётр Мар’янавіч не забываў сваю сям’ю, Батурына і Ілью. У вершы “Рэзыгнацыя” ён успамінае Ілью (“А што я не разбронжуся ў Ільі на рынку…) і зазначае: “Што чужая зямля? – Прыямней мо сваябы…”

У Ільі ў свой час вучыліся ў школе нашы вядомыя паэты: Іван Лашутка, Уладзімір Папковіч, Іван Вараўка. Тут вучыліся Станіслаў Ляшковіч, Уладзімір Ляшкевіч, якія паспяхова друкаваліся ў мясцовай перыёдыцы.

Вядома ж, мы ганарымся нашымі вучонымі, якія шмат зрабілі для навукі і як педагогі, і як філолагі. Гэта Адам Грымаць, які напісаў шмат навуковых кніг і падручнікаў, і сваю цудоўную апошнюю манаграфію “Фарміраванне маральных ідэалаў школьнікаў” – выданне, якое ў поўнай меры з’яўляецца і навуковым, і літаратурна-мастацкім.

Святлана Анатольеўна Язерская, якая скончыла Ільянскую школу, Мінскі педінстытут, аспірантуру, напісала мноства артыкулаў у розных выданнях, у тым ліку ў часопісе “Беларуская мова”, з’яўляецца яшчэ і аўтарам падручніка “Беларуская мова” для 7 класа.

У Ілью прыязджала шмат і вучоных, і пісьменнікаў, якія сустракаліся тут з жыхарамі, з вучнямі школы і настаўнікамі, з навучэнцамі сельгастэхнікума і выкладчыкамі. Тут пабывалі Піліп Пястрак, Янка Брыль, Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Вялюгін, Віктар Дайліда, Міхась Казлоўскі, Уладзімір Папковіч, Генадзь Пашкоў, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Аксана Спрынчан, Усевалад Сцебурака, Анатоль Зэкаў, Мікола Шабовіч ды іншыя. Кожны з іх выказаў тут шмат цікавых думак. Яны дзяліліся ўражаннямі, чыталі свае творы, адказвалі на пытанні.

Самы актыўны ўдзел у літаратурным жыцці ў Ільі прымае пісьменнік Леанід Левановіч, які жыве ў вёсцы Пятрылава за Хаценчыцамі недалёка ад Ільі. Ён часта выступае тут са сваімі творамі.

Непакоіць, аднак, што нягледзячы на пазітыўныя з’явы, на тое, што Ілья зрабілася цэнтрам літаратурнага жыцця, тут ўсё яшчэ не ўстаноўлены памятныя знакі ў гонар нашых вядомых ільянскіх пісьменнікаў такіх, як Іліер Менашэ, Змітрок Бядуля, Алесь Салавей, Альфонс Петрашкевіч, Святаслаў Коўш, Адам Грымаць, Іван Лашутка і іншых.

А яшчэ і ў гонар Янкі Купалы, які наведаў шклогуту і напісаў артыкул “З гуты “Залессе”. Трэба ўладам нарэшце вырашыць гэта пытанне. І дапамагчы выдаць кнігу “Вілейшчына літаратурная”, якую падрыхтавала Роза Шэрая.

bottom of page