Пісьменнік Уладзімір Арлоў наведаў родныя мясціны сваёй маці
31 сакавіка папулярны беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў наведаў Шклоўскі раён.
Шклоўшчына для Уладзіміра Арлова добра знаёмы куток Беларусі. З вёскі Капысіца Александрыйскага сельсавета паходзіць яго маці. Таму, ў першую чаргу, пісьменнік пабываў у Александрыйскай школе, дзе адбылася сустрэча і размова з калектывам настаўнікаў.
Уладзімір Аляксеевіч падзяліўся ўспамінамі пра свой радавод, даследваннямі сваіх асабістых каранёў. Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі ўспаміны пра суседнюю вёску Капысіца і звесткі, пра яго матулю, якая вучылася ў Александрыйскай школе.
Потым У.Арлоў прэзентаваў прысутным сваю новую кнігу “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”. Аўтар трывала працаваў над гэтым творам амаль шэсць гадоў. Практычна, пасля выхаду з друку, новая праца літаральна стала бестселерам. Першы наклад практычна распрададзены за месяц. Калі параўноўваць з іншымі кнігамі Арлова, то можна сказаць, што гэта — “Краіна Беларусь” для дзяцей і падлеткаў. Або — што гэта пашыраная і дапоўненая кніга “Адкуль наш род”, якая таксама мела вялікі поспех у чытачоў. Кніга багата аздобленая малюнкамі вабітнага беларускага мастака Паўла Татарнікава.
Потым Уладзімір Арлоў наведаў непасрэдна вёску Капысіца і вясковыя могілкі, дзе спачываюць родзічы.
У другой палове дня ў грамадскім цэнтры "Мост" г. Шклова адбылася сустрэча Уладзіміра Арлова з мясцовымі аматарамі айчыннай гісторыі і краязнаўцамі. Размова таксама пачалася з прэзентацыі новай кнігі. У ходзе выступлення аўтар расказаў аб тым, як стваралася гэта новае выданне, у тым ліку аб супрацоўніцтве з мастаком Паўлам Татарнікавым, прывёў цікавыя факты са зместу кнігі. Акрамя гэтага, пісьменнік пазнаёміў аўдыторыю слухачоў з іншымі сваімі кнігамі, напісанымі за апошні час. Сустрэча выклікала вялікі інтарэс. Як і на сустрэчы з настаўнікамі, прысутныя мелі магчымасць задаць аўтару свае пытанні і атрымаць грунтоўныя адказы. Напрыканцы мерапрыемства Уладзімір Арлоў правёў аўтограф-сесію.
Паводле http://6tv.by/