Каханне даўжынёй у семдзясят гадоў
Новую кнігу вершаў “Ты осталась со мной” сябар СБП, франтавік, геолаг і паэт Фелікс Шкірманкоў прысвяціў сваёй незабыўнай жонцы Веры Васільеўне, якая адышла ў іншы свет восенню 2016 года.
У зборнік увайшлі вершы розных гадоў. “Зоранькай яснай, зоранькай чыстай”, “крыніцай яснай і празрыстай” называе паэт сваю каханую, праз гады піша ён пра свае ўсеабдымнае пачуццё.
“Мы пазнаёміліся ў 1946 годзе, — успамінае Фелікс Уладзіміравіч. — Вера Васільеўна нарадзілася ў Пензе ў 1928 годзе. Я служыў у адной частцы з яе бацькам маёрам Ёжыкавым. Пасля заканчэння вайны ён перавёз сваю сям’ю ў месца дыслакацыі войска на Украіне.
Вялікае шчасце, што мы сустрэліся, мы былі прызначаны адно аднаму. Гэта быў падарунак ад Госпада на ўсё маё жыццё. Мы прайшлі суровую школу жыцця ў геалагічнай партыі на Калыме. Ехалі туды ў 1951 годзе па дамоўленасці, а адпрацавалі там да пенсіі.
Усе семдзясят гадоў, шэсць месяцаў і адзін дзень мы былі разам, саграваючы адно аднаго. Ніколі мы не сказалі адно аднаму крыўднага, абразлівага слова. У нас не было падзелу на “тваё” і “маё”, а ўсё было НАША — агульнае і недзялімае…
Калі мы адзначалі 65 гадоў сумеснага жыцця, у Свята-Петра-Паўлаўскім храме вёскі Лясное нас павянчаў айцец Георгій. Святар, які набліжае людзей да веры, культуры і годнасці, уручыў нам памятную ікону-складзень. Гэта ікона стаіць зараз на стале ля майго ложка”.
“Калі яна пакінула мяне, у душы застаўся боль, які нічым немагчыма суцішыць. Я буду годна цярпець гэты боль да скону. Я супакойваюся, разумеючы, што мне даравана жыццё для праслаўлення светлай памяці той, што паслана была, каб я пазнаў шчасце вернага кахання. Я павінен расказаць нашым нашчадкам пра шчасце, якое яна мне дарыла ўсе гэтыя семдзясят гадоў, восемь месяцаў і адзін дзень”.
У шаноўнага ветэрана і паэта, акрамя каштоўнага жыццёвага досведу, застаўся вялікі скарб: сын і дачка, чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў.
“ Ты — мае яснае неба,
уся з дабрыні і цяпла”, — пісаў паэт у 2003 годзе ў вершы “Я без цябе”.
“Кніга павінна дайсці да кожнага маладога чалавека, які ўступае ў жыццё", — адазваўся, прачытаўшы яе, акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі.
Эла Дзвінская
http://lit-bel.org/by/news/2017/kaxannje-dauzhynjoj-u-sjemdzjesjat-hadou.html