Новае "Святло "Святліцы"
- Admin
- 2 мая 2017 г.
- 2 мин. чтения

З 2012 года ў Магілёве існуе моладзевы літаратурна-паэтычны клуб "Святліца". І ўжо добрай традыцыяй у ім сталася што год выдаваць свой клубны альманах "Святло "Святліцы". Прэзентацыя пятага нумару выдання адбылася 28 красавіка ў памяшканні бібліятэкі імя Пушкіна.
Традыцыйна, на імпрэзе свае творы прачыталі самі маладыя аўтары вершаў і апавяданняў, якія ўвайшлі ў зборнік. А на пачатку сустрэчы пра дасягненні ўдзельнікаў клуба і пра новы нумар альманаха распавяла яго кіраўніца Тамара Аўсянікава, яна прачытала і некалькі сваіх вершаў.
Клуб "Святліца" дзейнічае пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі "Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі "Агат" аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёну г. Магілёва. Сябрамі клуба з'яўляюцца навучэнцы старэйшага школьнага ўзросту школ і ліцэяў, гімназій, студэнты МДУ імя А. Куляшова – тыя, хто цікавіцца літаратурай, журналістыкай, спрабуе пісаць вершы. Прыйсці ў клуб можа любы, хто толькі пачынае свой творчы шлях, хто адчувае ў сабе літаратурны талент і марыць яго развіць і ўдасканаліць. Кожны тут атрымае падтрымку і дапамогу, знойдзе прыхільнікаў і крытыкаў, а без гэтага немагчыма абысціся нават дасведчанаму паэту ці пісьменніку.
Акрамя авалодання ведамі па літаратуразнаўству і журналістыцы, удзельнікі "Святліцы" стала ладзяць сустрэчы са сваімі старэйшымі, вядомымі і ўшанаванымі калегамі, як магілёўскімі, так і сталічнымі. Клуб арганізуе і розныя культурніцкія імпрэзы. Не так даўно прайшоў "Паэтычны батл", які выклікаў значную цікаўнасць сярод маладых прыхільнікаў паэзіі, сябры "Святліцы" прынялі актыўны ўдзел у паэтычным свяце "Сакавіцкі грак".
Не толькі ва ўзгаданым альманаху "Святло Святліцы" можна пабачыць творы ўдзельнікаў клубу, іх вершы і артыкулы стала друкуюцца ў рэгіянальных і рэспубліканскіх газетах і часопісах. Было выдадзена і некалькі асобных аўтарскіх зборнікаў вершаў некаторых з удзельнікаў літаратурнага аб’яднання.
Застаецца павіншаваць нашых маладых літаратараў і іх кіраўніка з такой значнай падзеяй, ды пажадаць плёну ў творчасці і новых літаратурных дасягненняў.
Алесь Сабалеўскі.
Фота аўтара.
Comments