Навіны са Слаўгарада ад Фелікса Шкірманкова
Поэт-франтавік са Слаўгарада Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў, негледзячы на паважаны ўзрост (27 мая яму спаўняецца 91 год), прымае самы актыўны ўдзел ў культурным і грамадскім жыцці Слаўгарадчыны.
5 мая ён прыняў удзел у святкаванні 85-годдзя раённай газеты "Прысожскі край", павіншаваў калектыў рэдакцыі і пажадаў, каб "раёнка" і надалей з'яўлялася цэнтрам прыцягнення ўсіх творчых сіл рэгіёна.
6 мая ў Слаўгарадзе адбылася VI справаздачная канферэнцыя ГА "БРСМ", на якую ў якасці ганаровага госця быў запрошаны Ф.Шкірманкоў. Фелікс Уладзіміравіч звярнуўся да моладзі з прамовай, у якой выказаў занепакоенасць станам роднай мовы і прызваў шанаваць яе, бо без гэтага ў беларускай нацыі не будзе будучыні.
9 мая Ф.Шкірманкоў прыняў удзел у святкаванні Дня Перамогі - і прысутныя пачулі ўзнёслыя словы паэта пра ўрокі гісторыі і пра тое, што мы павінны прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб ваеннае ліхалецце ніколі не паклалася чорным ценем на нашу шматпакутную зямлю.
Па матэрыялах газеты "Прысожскі край"