Вечар-партрэт у магілёўскай бібліятэцы імя Я.Купалы
2017 год адзначаны 135-годдзем з дня нараджэння народных песняроў Беларусі – Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Творчая спадчына народных пісьменнікаў прываблівае і цікавіць розныя пакаленні чытачоў. Кожная эпоха сваіх вялікіх мастакоў слова перачытвае нанова і па-новаму. І кожны знаходзіць у творчасці класікаў нешта блізкае для сябе. Асоба Янкі Купалы і Якуба Коласа знайшла значнае ўвасабленне ў мастацтве. Сёння нават цяжка пералічыць усе работы, створаныя прадстаўнікамі розных відаў мастацтва, прысвечаныя класікам ці створаныя па іх творах.
17 мая ў магілёўскай бібліятэцы імя Я.Купалы адбыўся вечар–партрэт “Крыніцы натхнення: Янка Купала і Якуб Колас у мастацтве”.
Прысутныя пазнаёміліся з жыццём і творчасцю тытанаў беларускай літаратуры, прыгадалі цудоўныя радкі з іх твораў. Навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа № 32 г. Магілёва” прачыталі творы Якуба Коласа і Янкі Купалы: вершы ”Хмаркі” і “Вясна”, урыўкі з паэм “Новая зямля” і “Бандароўна” і іншыя. Магілёўская паэтэса Наталля Кажэўнікава таксама прыгадала любімыя з дзяцінства радкі вершаў беларускіх класікаў. А магілёўскі паэт і кампазітар Мікола Яцкоў, натхнёны творчасцю вялікіх паэтаў, напісаў песні “Родныя вобразы” на словы Я. Коласа і “А ў бары, бары…” на словы Я. Купалы, якія выканаў пад апладысменты аўдыторыі.
Увазе прысутных была прадстаўлена кніжна-ілюстрацыйная выстава «І не знікаць паэтам вечна…» з літаратурай аб жыцці і творчасці выдатных беларускіх паэтаў і матэрыяламі пра вобразы паэтаў у творчасці мастакоў, пра тэатральныя пастаноўкі, фільмы, песні, створаныя па творах класікаў ці прысвечаныя ім.
Паводле http://csgpb.mogilev.by/