top of page

Каля Магілева адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу

26 мая ля Магілёва ў пасёлку Малая Бароўка адкрылі памятны знак Максіму Багдановічу. Вялікі камень з шыльдаю і высечаным на ёй фрагментам верша «Пагоня» усталявалі на вуліцы імя Багдановіча. На мармуровай таблічцы адзначана: ад жыхароў пасёлка да 125-годдзя паэта. Грошы на выраб памятнага знака тутэйшыя збіралі талакой.

«Узімку я гутарыў з жыхарамі вуліцы і некаторыя наракалі, што яна названая імем Багдановіча, але не кожны ведае, хто гэта такі, казаў на ўрачыстасці адкрыцця памятнага знаку адзін з ініцыятараў яго ўсталявання Ўладзімір Пухоўскі. Тады і нарадзілася ідэя ўвекавечыць імя паэта, паставіўшы на пачатку вуліцы памятны знак. Задуму ўзгаднілі з Магілёўскім райвыканкамам, які не быў супраць. Спяваюць жа песні на вершы Багдановіча, самі вершы вывучаюць у школе дзеці. Абралі верш Пагоня“, бо такі знак на гербе Магілёва, ды і Мулявін так натхнёна спявае аднайменную песню».

Выступае Уладзімір Пухоўскі

На адкрыццё памятнага знака сабралася нямала людзей: раней такіх урачыстасцяў у паселішчы не было.

З прамовай, прысвечанай ушанаванню памяці Максіма Багдановіча, выступіў пісьменнік, сябра СБП Міхась Булавацкі.

Выступае Міхась Булавацкі

«Для нашай вуліцы адкрыццё памятнага знака важная падзея, казаў у гутарцы з журналістам адзін з жыхароў пасёлка. Багдановіч вялікі паэт. Дзень яго нараджэння і дзень памяці шырока адзначаецца беларусамі не толькі ў самой Беларусі, але па-за межамі краіны. Чаго варты яго верш „Пагоня“, які расказвае пра нашу старажыт-ную гісторыю. Цяпер і мы будзем ля гэтага памятнага знаку адзначаць багдановічавы ўгодкі».

Ля памятнага знака чыталі вершы дарослыя і дзеці. Захапляліся, што Багдановіч, не жыўшы ў Беларусі, вывучыў беларускую мову і на ёй ствараў свае творы. Нямала жыхароў прыйшлі на вуліцу Багдановіча з кветкамі, якія паклалі да каменя з «Пагоняю»

.

«Я тут жыву з двух гадоў і лічу, што для моладзі такі падарунак, як памятны, знак дужа важны, казала маладая маці, яка прывяла дачку на імпрэзу. — Зорку Венеру, якая ўзышла над зямлёй, я памятую са школы і захапляюся, як можна было так таленавіта скласці беларускія словы ў вершы».

«Цяпер жыхары вуліцы і самога пасёлку будуць ведаць, хто такі Багдановіч і ганарыцца ім, выказала меркаванне яшчэ адна суразмоўніца, якая працуе ў школе і на ўрачыстасць прывяла сваіх вучняў, каб тыя прачыталі вершы Багдановіча. Калі дзеці даведаліся, што давядзецца выступаць на такой імпрэзе, то паставіліся адказна да гэтага. З натхненнем рыхтаваліся. Наогул варта паставіць такія памятныя знакі не толькі Багдановічу, але і Коласу, Купалу, Караткевічу. Беларускія творцы заслужылі гэта».

Паводле svaboda.org

bottom of page