Міхась Булавацкі пра метамарфозы фестывалю "Магутны Божа"
Напрыканцы чэрвеня 2017 года Магілёў чакае дзве знамянальныя падзеі: ХХІІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" і святкаванне 750-годдзя горада.
Раней яны былі пазначаны ў гарадскім календары асобнымі датамі: у той час як Дзень горада традыцыйна адзначаецца ў апошнія выходныя чэрвеня, конкурс выканаўцаў хрысціянскай музыкі заўсёды праходзіў у другой палове ліпеня. Аднак з 2012 года гарадскія ўлады з-за эканоміі сродкаў вырашылі праводзіць яго толькі адзін раз на два гады, а сёлетні фестываль яшчэ і сумясцілі з Днём горада.
Акрамя таго, адміністрацыя горада выдала распараджэнне аб разнарадцы бюджэтным арганізацыям прымусова выкупляць квіткі на святочныя мерапрыемствы. Дакумент для ўнутранага карыстання нечакана быў агалошаны.
Фестываль "Магутны Божа", які з 1993 года з'яўляецца візітнай карткай Магілёва, пачынаўся з аншлагаў, успамінае ветэран дэмакратычнага руху, пісьменнік Міхась Булавацкі. Гэта была знакавая падзея для ўсіх краін былога СССР, а можа і ўсёй Усходняй Еўропы. "Да таго года ў горадзе быў адноўлены каталіцкі касцёл, які ў савецкі час выкарыстоўваўся пад архіў, лунала ў паветры ідэя супрацоўніцтва хрысціян розных канфесій. Здавалася, што атэістычны камунізм нарэшце скончыўся", - успамінае М.Булавацкі.
Міхась Булавацкі
Назва "Магутны Божа", тлумачыць ён, гэта першы радок з аднайменнага духоўнага гімна беларусаў. Яго выкананне ўсімі ўдзельнікамі заўсёды было кульмінацыяй закрыцця фестывалю. Гаворачы аб яго ўзроўні, дастаткова згадаць, што журы ўзначальваў прафесар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Роўда, а адным з тых, хто ацэньваў выступленні ўдзельнікаў быў вядомы музыказнаўца Гай Пікарда, які адмыслова прылятаў з Лондана ў Магілёў на час фестывалю.
Гай Пікарда і Віктар Роўда
Сённяшнюю сітуацыю, калі на канцэрты публіку заганяюць сілай, Міхась Булавацкі называе
дэградацыяй, якая лёгка тлумачыцца. Пасля смерці Віктара Роўды ў 2007 годзе аргкамітэт узначаліў гарвыканкам Магілёва, а грамадскія ініцыятывы былі выдалены з ліку арганізатараў, кажа М.Булавацкі.
Паводле http://www.dw.com
Фотаздымкі traditio.wiki і blr.belta.by