top of page

Час дзяліцца назапашаным


Пісьменнік і журналіст Навум САНДАМІРСКІ сустрэўся з вучнямі глускай сярэдняй школы № 1 імя С.І.Грахоўскага.

Ёсць час збіраць, выпрацоўваць і назапашваць веды, уменні і навыкі, і ёсць час дзяліцца ўсім назбіраным, выпрацаваным і назапашаным багажом. І Навум Барысавіч Сандамірскі ім дзеліцца — адкрыта, шчыра, з гатоўнасцю і надзеяй, што нешта з перададзенага дзецям і моладзі спатрэбіцца ім, зацікавіць іх, прымусіць задумацца.

Навум Сандамірскі — член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага саюза журналістаў, Беларускага ПЭН-клуба. Ён неаднаразовы прызёр абласных і рэспубліканскіх конкурсаў у сферы культуры і мастацтва, лаўрэат рэспубліканскай прафесійнай прэміі Залатое пяро”. “Бабель з Глуска — такім гучным імем назваў яго часопіс Беларусь”.

Калі падчас сустрэч са школьнікамі так прадстаўляюць Навума Сандамірскага, мне здаецца, не ўсе яны дакладна ведаюць пра клуб пісьменнікаў, эсэістаў і навелістаў (ПЭН), пра Залатое пяро і тым больш пра Бабеля. І ўсё ж увесь гэты пералік, дапоўнены назвамі больш як дзясятка яго кніг, дзяцей, безумоўна, уражвае. Не можа не ўражваць. Калі ж госць пачынае гаварыць, адпадаюць апошнія сумненні і ўсім становіцца зразумела: перад вамі чалавек неардынарны, не проста высокаадукаваны, а шырока эрудыраваны, неабыякавы і ўважлівы да розных праяў жыцця, з цудоўным пачуццём гумару.

Ён расказвае пра журналістыку, у якой жыве і працуе амаль паўстагоддзя, пра літаратуру, якой захапіўся, не — якой здаўся ў палон з дзяцінства, пра любімыя кнігі, спіс якіх прадаўжае павялічвацца і дагэтуль І ўсё гэта так жыва, так пераканаўча і шчыра, што не можа не зацікавіць, не захапіць, не выклікаць рэакцыі ў адказ. І гэта рэакцыя — пытанні школьнікаў: пра прафесію, пра культуру і мастацтва, пра адносіны людзей і пра само жыццё.

Няпраўду кажуць, што сучасная моладзь не ўмее і не хоча слухаць. Хутчэй, гэта мы не ўмеем зацікавіць або самі часам не надта верым у тое, пра што гаворым. Навум Сандамірскі не проста ўмее і верыць — ён усім гэтым жыве. Да таго ж ён выдатны апавядальнік. Гаворыць цікава і проста, але пры гэтым не апускаецца да ўзроўню менш дасведчанай слухацкай аўдыторыі (дарэчы, і чытацкай таксама), а яе падцягвае на больш высокі ўзровень, прыгадвае цікавыя факты, называе вядомыя імёны, цытуе класікаў, чытае вершы.

Нярэдка здараецца, што тая ці іншая прафесія толькі прадугледжвае наяўнасць у яе прадстаўніка пэўных якасцяў, але, на жаль, зусім не гарантуе іх. У выпадку з Навумам Сандамірскім — гарантыя стопрацэнтная. Ён журналіст не толькі па родзе заняткаў, а і па складзе думак: у рэдакцыі Глускай раённай газеты Радзіма адпрацаваў 44 гады, з іх 14 быў галоўным рэдактарам, увесь гэты час супрацоўнічаў і прадаўжае супрацоўнічаць зараз з абласной і рэспубліканскай перыёдыкай, піша кнігі — у асноўным публіцыстыку, упэўнена спрабуе і адчувае сябе ў іранічных разважаннях, афарызмах, практыкуецца ў вершаскладанні. Словам, жыве ў прафесіі ў рэжыме нон-стоп, ужо і без запісаў у працоўнай кніжцы. Ну які яшчэ патрэбен прыклад? Ну якая яшчэ патрэбна прафесійная агітацыя для моладзі? Ідзі, глядзі, слухай, запамінай і рабі свае вывады, рабі свой выбар: кім працаваць і якім быць.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

  • White Vkontakte Icon
  • White Instagram Icon

© 2017. Магілёўскае абласное аддзяленне ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Сайт створаны на Wix.com

Мы на сувязі

Паштовы адрас

а/я 43 

212030  г.Магілёў, Беларусь

bottom of page