На памятным знаку Максіму Багдановічу памянялі шыльду
- Admin
- 5 июл. 2017 г.
- 1 мин. чтения

У пасёлку Малая Бароўка пад Магілёвам на памятным знаку ў гонар Максіма Багдановіча з'явілася новая шыльда.
Раней на шыльдзе быў герб "Пагоня", цяпер там выгравіраваны партрэт паэта, перадае Радыё "Свабода". Памянялі на шыльдзе і фрагмент верша. Ранейшы ўрывак з "Пагоні" памянялі на фрагмент санета "Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі".
Грошы на памятны знак да 125-годдзя паэта сабралі жыхары пасёлка Малая Бароўка. Знак усталявалі на вуліцы Максіма Багдановіча.

У каментары "Свабодзе" адзін з ініцыятараў з'яўлення памятнага знака Уладзімір Пухоўскі заявіў, што шыльду памянялі, таму што былі заўвагі ад мясцовых жыхароў. Паводле яго слоў, людзі хацелі, каб на на шыльдзе з'явіўся партрэт Максіма Багдановіча: ні да вершу, ні да герба "Пагоня" прэтэнзій не было. З гэтай нагоды і было вырашана перарабіць шыльду.
Памятны знак адкрылі 26 траўня. Каля яго чыталі вершы Багдановіча, якія распавядалі пра трагічны лёс беларускага паэта-генія. Жыхары пасёлка спадзяюцца, што з усталяваннем памятнага знака ім адрамантуюць дарогі.
Паводле www.svaboda.org
Comments