Таццяна Барысік: «Чытанне кніг робіцца элітарным заняткам…»
Пасля прэзентацыі літаратурнага альманаха «Брама», якая адбылася 19 чэрвеня, магілёўская пісьменніца Таццяна Барысік адказала на некалькі нашых пытанняў газеты "Бабруйскі кур'ер".
– Таццяна, ты адпрацавала па размеркаванню сацыяльным педагогам у школе пасёлка Леніна з 1999 па 2000 гады. Што цябе больш за ўсё запомнілася з жыцця на Бабруйшчыне?
– Я лічу, што гэта былі адны з лепшых гадоў майго жыцця. У тыя часы адбываўся грамадскі ўздым. Побач са мной знаходзіліся сябры – актывісты дэмакратычнага, нацыянальнага руху, з якімі я адчувала сябе ўтульна і якія мяне падтрымлівалі. З некаторымі з іх я дасюль падтрымліваю стасункі.
Таксама мяне вельмі моцна ўразіла галеча і затурканасць людзей, якія пражывалі ў сельскай мясцовасці. Здзіўляла, што ў вёсках шмат перасяленцаў з розных регіёнаў былога Саюза – ад Сахаліна да Казахстана, і яны адчувалі сябе гаспадарамі на нашай зямлі…
– Ці праяўляецца інтарэс да тваёй творчасці з боку дзяржавы – мас-медыяў, прэсы, бібліятэк, навучальных ўстаноў?
– Фактычна – не. Вось нядаўна ў школах, па чацвяргах, увялі дзень беларускай мовы – таму туды сталі запрашаць. Цікавы факт: у бібліятэках ёсць своеасаблівы «адсеў». Калі гэта «раёнка», то праблем для сустрэч з чытачамі не будзе, а вось ў абласную бібліяэтэку ўжо не патрапіш… Карацей, падзел паміж «чэснымі» пісьменнікамі і «нячэснымі» існуе… Інтарэс да сваёй творчасці і асобы я адчуваю хіба толькі ад Саюза беларускіх пісьменнікаў.
– Ты цяпер працуеш апаратчыцай па ачыстцы сцёкавых водаў. Не адчуваеш дыскамфорт, што твая работа не звязана з творчасцю?
– Справа ў тым, што я не лічу літаратуру справай усяго майго жыцця. У Беларусі склалася такая сітуацыя, што чалавек працуе там, дзе змог уладкавацца. Усе вымушаны зарабляць грошы, каб з гэтага жыць. Іншая справа, што я працую па зменах, а для таго каб пісаць, патрэбна свежая галава.
– Ці згодная ты з меркаваннем, што літаратура памірае, яе паступова забівае глабалізацыя?
– Я адкрыла для сябе, што літаратурай ціквавіцца значна больш людзей, чым я думала. Дарэчы, вось нядаўна адзін мой чытач прызнаўся, што да таго як прачытаць маю кнігу, ён увогуле ніколі нічога не чытаў з літаратурных твораў. Па яго словам, яму спадабалася, і такія кнігі напісаны як раз для такіх, як ён.
А увогуле, у мяне складаецца ўражанне, што чытанне кніг робіцца элітарным заняткам. Таму, на мой погляд, памрэ менавіта нізкапробная літаратура. Бо яе патэнцыйныя спажыўцы сталага веку будуць глядзець фільмы, а маладыя – сядзець у сацыяльных сетках ды за кампутарнымі гульнямі. А попыт на высокаякасную мастацкую літаратуру застанецца.
– Хто твае любімыя пісьменнікі?
– Празаік Алена Брава, Андрэй Федарэнка, Уладзімір Арлоў, з бабруйчан – Абрам Рабкін, з расійскіх – Бунін і Даўлатаў, з замежных – Харука Муракамі. Падабаецца шмат хто, я люблю чытаць. Лічу што кніга – найлепшы адпачынак.
– Што ў творчых планах? Чаго чакаць тваім чытачам?
– Працую над аповесцю. Яна – аб нашым жыцці. Аб тым, что я чула навокал. Спадзяюся, што ў мяне хопіць сіл яе дапісаць, бо для мяне больш звыкла працаваць з малымі літаратурнымі формамі – вершамі, апавяданнямі…
Васіль КУЛІКОЎ