Таццяна Барысік і Міхась Булавацкі. Сустрэча ў Бабруйску
19 чэрвеня ў Бабруйску прайшла прэзентацыя чацвёртага выпуску альманаха Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Брама».
Правялі літаратурную вечарыну празаік і перакладчык, намеснік старшыні Магілёўскай абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Булавацкі і пісьменніца, паэтка, лаурэат прэміі Гедройца 2015 года Таццяна Барысік.
Напачатку імпрэзы Міхась Булавацкі распавёў гісторыю з’яўлення альманаха «Брама», які выходзіць раз на год, і сёлета пабачыў свет ужо чацвёрты выпуск. Пісьменнік зазначыў, што гэты нумар адметны тым, што ягоныя аўтары «углядаюцца ў блізкую і далёкую гісторыю нашай краіны», пішуць на гістарычныя тэмы. У пацверджанне сваіх словаў Булавацкі зачытаў два абзацы з апавядання Віталя Еўмянкова «Гетман».
Міхась Булавацкі
У «Браме» сабраныя як празаічныя творы, так і вершы. Аўтары ў асноўным з Магілёўшчыны. У новым выпуску, сярод іншых, можна прачытаць апавяданні пісьменніка з Глуску Наума Сандамірскага, Сяргея Украінку і ягоныя «Смехаёчкі», мастака Базыля Камарова. Пра Камарова спадар Булавацкі асобна адзначыў, што «ён умее пісаць карціны не толькі фарбамі, але і словам».
Анатоль Санаценка
Ёсць у новай «Браме» таксама і апавяданне рэдактара «Бабруйскага кур’ера», сябра СБП, арганізатара гэтай прэзентацыі Анатоля Санаценкі – «Фата - маргана».
Бабруйчанам і жыхарам Бабруйскага раёна будзе цікава прачытаць апавяданне Уладзіміра Ліўшыца пра нашага земляка, пісьменніка Платона Галавача, растралянага камуністамі. У.Ліўшыц напісаў «Лёс чалавека і пісьменніка» на падставе аповедаў Галіны Платонаўны Кліперт - дачкі П.Галавача.
Выступае Таццяна Барысік
Таццяна Барысік распавяла, што ў альманаху змешчаныя тры ейныя апавяданні: «Сябра мой чарнабровы», «Аматар роднай прыроды», «Задні мост камсамолкі». Два з іх – «Сябра мой чарнабровы» і «Задні мост камсамолкі» у нейкай ступені аўтабіяграфічныя, зазначыла пісьменніца. На вечарыне Таццяна Барысік прачытала гасцям свае новыя вершы.
Падрабязней пра прэзентацыю глядзіце ў нашым відэасюжэце.
Марына Міхневіч