top of page

Песня "З нараджэннем, Магілёў!" - пераможца конкурсу да 750-годдзя Магілёва


Песня "З нараджэннем, Магiлёў!» паэта-песенніка Аляксандра Шлеянкова і кампазітара Мікалая Яцкова стала пераможцам гарадскога конкурсу на лепшую песню пра Магілёў, прысвечанага 750-годдзю абласнога цэнтра.

Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў творчага спаборніцтва адбылася 3 ліпеня на Плошчы Зорак.

«750 гадоў стаіць на беразе Дняпра слаўны, прыгожы, вялікі горад - Магілёў. Колькі выдатных песень было складзена пра яго і нямала яшчэ будзе напісана, - адзначыла падчас мерапрыемства намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка. - Пацвярджэннем гэтага служыць той факт, што ў конкурсе, які праводзіўся ў першы раз, прынялі ўдзел 16 аўтараў, якія прадставілі на разгляд журы 28 твораў, напоўненых цяплом і любоўю да роднага горада. Гэта людзі, захопленыя творчасцю, якія праслаўляюць ў сваіх творах Магілёў і Беларусь».

Яна ўручыла Аляксандру Шлеянкову і Мікалаю Яцкову кветкі, дыплом і памятны сувенір. Затым у выкананні салістаў Данііла Забелы, Ірыны Лешчанка і Асі Жабаравай прагучала песня-пераможца.

Творчы дуэт аўтараў добра вядомы магілёўскай публіцы. Іх пяру належыць Гімн Магілёва і песня «Бессмяротны батальён», прысвечаная подзвігу батальёна пад камандаваннем капітана Уладзімірава пры абароне горада на Дняпры. Кампазіцыя "З нараджэннем, Магiлёў!» стала годным працягам сумеснай творчасці.

Мікола Яцкоў і Аляксандр Шлеянкоў

Як прызнаўся паэт-песеннік А.Шлеянкоў, вершы нараджаліся на ляту, паколькі ў іх закладзена шчырае прызнанне ў каханні гораду.

«Мяне прыцягнуў добры змест, - распавёў М.Яцкоў. - І я пастараўся злавіць у вершах мелодыю, якую першапачаткова заклаў паэт. Наш твор - прыклад лёгкай і прыгожай кампазіцыі, дзе тэкст і музыка зліліся разам. Упэўнены, песня "З нараджэннем, Магiлёў!» стане візітнай карткай нашага горада і будзе гучаць на кожным яго свяце».

Іншыя фіналісты і ўдзельнікі конкурсу атрымалі ўзнагароды з рук старшыні журы конкурсу, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Алега Елісеенкава. Сярод іх Алёна Беланожка, Генадзь Багамолаў, Уладзімір Браілоўскі, Валянціна Габрусева, Аліна Даніловіч, Святлана Жорава, Данііл Забела, Яўген Маланкоў, Уладзімір Стукмейстар, Уладзімір Тананайка, Таццяна Шаўцова і інш. Усе творы прагучалі са сцэны ў выкананні артыстаў абласнога цэнтра.

Дарэчы, лепшыя кампазіцыі плануецца запісаць на музычны дыск у прафесійнай гукавой студыі з запрашэннем мясцовых выканаўцаў. Такі падарунак можна будзе набыць у гандлёвай сетцы.

Самы галоўны прыз

Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу. Конкурс праводзіўся з мэтай стварэння новых песень пра горад на Дняпры, якія найбольш ярка адлюстроўваюць яго духоўны і культурны патэнцыял, гісторыю, прыгажосць гістарычных і памятных месцаў.

Відэасюжэты: БТ-4 і Крысціны Башарымавай.

bottom of page