top of page

«Нашчадкі Францыска Скарыны» у бiблiятэцы Янкi Купалы


14 верасня магілёўска гарадская бібліятэка імя Я.Купалы ў рамках акцыі «Бібліятэчны чацвер па-беларуску» ладзіла свята беларускай кнігі «Жыве ў кнізе душа народа». У гэты дзень супрацоўнікі бібліятэкі імкнуліся як мага шырэй раскрыць фонд дакументаў на беларускай мове.

З гэтай нагоды былі аформлены кніжныя выставы разлічаныя на розныя катэгорыі чытачоў: «Промні асветніцтва», «Літаратурны зоркапад юбіляраў», «Вечнасць друкаванага слова», «Зялёны лісток на планеце зямля», «Ведай нашых» і інш.

На працягу дня працаваў міні-музей Янкі Купалы, дэманстравалася падборка відэаролікаў «Мая Беларусь». Для вучняў 6 «В» класа ДУА «Сярэдняя школа №39 г. Магілёва» была праведзена інфармацыйная гадзіна «Невядомы Скарына».

Фіналам святочнага дня стала літаратурная вечарына «Нашчадкі Францыска Скарыны». Галоўная тэма мерапрыемства – кніжная спадчына Магілёўшчыны. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі члены ТБМ імя Францыска Скарыны. Кіраўнік аб`яднання Алег Дзьячкоў зрабіў цікавы агляд кніг аўтараў Магілёўшчыны. Гэтую ж тэму падтрымалі ў сваіх выступленнях даўняя сяброўка бібліятэкі Тамара Аўсянікава і паэт, журналіст, чалавек энцыклапедычных ведаў Эдуард Мядзведскі.

Не абышлося ў гэты дзень без падарункаў. Дзякуючы Наталлі Матэвушавай і Алене Асмакоўскай папоўніўся фонд экспанатаў міні-музея Янкі Купалы.

Галіна ЖМАЧЫНСКАЯ

bottom of page