Сустрэча з цікавым чалавекам
У суботу 2 верасня у Глускую гімназію на сустрэчу са старшакласнікамі быў запрошаны журналіст, пісьменнік і былы рэдактар раённай газеты "Радзіма" Навум Барысавіч Сандамірскі. Госць быў тут не выпадкова, бо 3 верасня ў краіне адзначаўся Дзень беларускага пісьменства. А хто пра ўплыў кнігі на развіццё і фарміраванне чалавека можа расказаць больш, чым той, хто не проста шмат чытае, але і сам піша вершы, нарысы, эсэ? Навум Барысавіч напісаў больш за дзесяць кніг, ён распавядаў пра іх, успамінаў забаўныя гісторыі з жыцця. Але гэта быў не маналог, а гутарка, дзе задавалі яму пытанні пра жыццё, літаратуру, сустрэчы з вядомымі людзьмі. Так, вучням цікава было даведацца пра яго знаёмства з гісторыкам моды Аляксандрам Васільевым, а яшчэ з лётчыкам, які кіраваў знішчальнікам, у якім быў сам Уладзімір Пуцін. Калі слухачы папрасілі Навума Барысавіча параўнаць яго дзяцінства са сваім, ён адказаў, што свае дзіцячыя гады ён лічыць больш бестурботнымі, і гэта прысутных вельмі здзівіліся, бо гэта было цяжкі пасляваенны час. Спыталі, якія тры жаданні ён загадаў бы, калі б злавіў залатую рыбку. Ён абраў мудрасць, цярпенне і здароўе. Я сказаў яму, што хачу быць журналістам, і Навум Барысавіч даў мне савет глядзець на жыццё са здзіўленнем, глядзець, заўважаць і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Гэта была прыемная і карысная сустрэча з цікавым чалавекам.
Антон ВАСІЛЕНКА, гімназія, 10-ы клас.