top of page

У Горках адбылося адкрыццё праекта “Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”


15 верасня, у Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь у бібліятэцы імя Д.Р.Новікава УА БГСГА адбылося урачыстае адкрыццё сумеснага праекта “Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”, які падрыхтаваны агульнымі намаганнямі Горацкай цэнтральнай бібліятэкі імя М.І. Гарэцкага і бібліятэкай акадэміі і прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Кіраўнікі вышэйназваных бібліятэчных устаноў Ірына Пачэкіна і Ларыса Кухарава павіншавалі прысутных са святам бібліятэк, адзначылі, што менавіта маштабнасць той даты, якой прысвечаны праект і падказаў ідэю аб’яднаць лепшыя кнігі беларускіх выдавецтваў з фондаў дзвюх бібліятэк на адной выставе “Лепшых кніг адкрыты нам старонкі”, каб найбольш поўна і грунтоўна адлюстраваць тое кніжнае багацце, якое захоўваецца ў фондах бібліятэк нашага горада і больш наглядна прасачыць шлях станаўлення беларускай кнігі.

На адкрыцці праекта прысутнічала і Наталля Ермалаева, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама, якая адзначыла тую высокую ролю бібліятэк па прапагандзе літаратурнай спадчыны, гістарычных ведаў, у тым ліку і сярод студэнцкай і вучнёўскай моладзі.

Цёплым словам павіншаваў бібліятэкі і дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Аляксандр Чачоткін, які да сваіх пажаданняў дадаў і карціну з беларускімі краявідамі, якая будзе упрыгожваць інтэр’ер акадэмічнай бібліятэкі.

Напрыканцы сустрэчы важнасць праекта адзначыла і загадчык кафедры рускай і беларускай моў Таццяна Скікевіч, падкрэсліўшы, што такая багатая кніжная выстава дасць магчымасць для правядзення шматлікіх асветніцкіх мерапрыемстваў, у тым ліку і з удзелам выкладчыкаў кафедры рускай і беларускай моў.

Паэтычная ілюстрацыя адкрыцця праекта праходзіла з дапамогай удзельнікаў акадэмічнага клуба творчай моладзі “Дэбют” – Алёны Гарохавік, Алега Кучынскага, Яўгена Міхайлоўскага, Рамана Максіменка, Аляксандра Маісеева і Веранікі Нарон. Таксама з вітальным словам і сваімі паэтычнымі творамі да прысутных звярнулася пісьменніца Лідзія Андрэева.

Марыя СТУДНЁВА.

Паводле http://www.baa.by/

bottom of page