Школьнікам - пра беларускае пісьменства і кнігадрукаванне
2 верасня 2017 г. пісьменніца, сябра СБП Лідзія Андрэева выступіла ў СШ № 3 г.Горкі у сувязі з Днём пісьменства і 500-годдзем кнігадрукавання. Вучні з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з вершамі Лідзіі Андрэеўны ў аўтарскім выкананні, пачулі шмат цікавага пра беларускае кнігадрукаванне, пра нашага першадрукара Францыска Скарыну.
* * *
Кажу: бярыце кнігу ў рукі чыстыя,
Кладзіце твор на чысценькі абрус –
Псалтыр любоўю хрышчаны вячыстаю,
Каб меў свой ранг у свеце беларус.
Сын Полацку прынёс нам славу вечную,
І сам сягнуў за воблачную сінь.
Ён там не зліўся з паласою Млечнаю,
А свеціць зоркаю радзіме сын.
Імя яго хай знае й трохгадовы.
Дасведчаны не скажа: ГЭТА ХТО?
СКАРЫНА – ЁСЦЬ АСВЕТЫ ЎСЁЙ АСНОВА –
ЁН НАШАЕ НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО.
Пяцьсот гадоў хвалюючых, імглістых…
Ўсё ж чуем слова дарагога звон.
Нясуць яго сыны праз лёс цярністы,
Аддаючы Скарыне свой паклон.
Лідзія АНДРЭЕВА