top of page

Наста Кудасава: «Я прынцыповы правінцыял – люблю маленькія гарады, бо ў іх ёсць свой твар»

21 верасня ў Бабруйску прайшла творчая вечарына паэткі з Рагачова Насты Кудасавай, зладжаная пры падтрымцы «Бабруйскага кур’ера».

Адкрыў мерапрыемства галоўны рэдактар «БК» Анатоль Санаценка, які ў кароткай прамове прадставіў Насту Кудасаву. Ён расказаў, што паэтка з’яўляецца лаўрэаткай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра «Кніга году» (2016), і назваў яе беларускай Цвятаевай.

Наста Кудасава распавяла, што жыве ў Рагачове, пісаць вершы пачала з дзяцінства, а яе любімай парой з’яўляецца восень.

Аўтарка прадставіла свае кнігі паэзіі “Лісце маіх рук”, “Рыбы”, і сваю апошнюю кнігу – “Маё невымаўля”, якая выйшла сёлета з друку ў другім выданні.

Потым гучала шмат вершаў, большасць з якіх складаліся з кампактных васьмі радкоў.

Паэтка адзначыла, што на яе творчасць найбольш паўплывалі Марына Цвятаева, Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін.

Наста Кудасава падзялілася цікавым дзіцячым ўспамінам, звязаным з Бабруйскам. Аказалася, што яна з бацькамі часта прыязджала з Рагачова на наш гарадскі рынак, дзе аднойчы яе сям’я купіла папугая. І ён вельмі доўга жыў, радаваўшы гаспадароў…

Паэтка адказала на шматлікія пытанні аб сваёй творчасці і аб сябе.

Скончылася вечарына працяглай аўтограф-сесіяй.

Васіль КУЛІКОЎ.

--------------------------------------------------------------------------

Пасля вечарыны мы распыталі паэтку пра сучасную літаратуру, улюбёных аўтараў ды паэтычнае жыццё ў родным горадзе.

– Што для Вас складнікі добрай паэзіі? Якія аўтары Вам асабіста адгукаюцца ці паўплывалі на ўласнуую творчасць?

– Творчасць мусіць быць арыгінальнай, але ў наш час моднымі становяцца тыя, хто эпатажны. Гэта мне не заўсёды падабаецца. Для мяне важна быць шчырым у тым, што ты робіш.

На мяне найперш паўплывала Марына Цветаева. Я палюбіла яе яшчэ ў школе. Яна зацягнула мяне моцна ў свой сусвет. Не толькі нерв яе мовы, але і яе жыццё. Мяне захапляла яе моц, супрацьстаянне. Магчыма, яна мяне і выхавала ў нейкім кірунку, штосьці ўва мне ад яе засталося. Потым мне, канешне, падабаліся і іншыя аўтары.

З беларусіх творцаў я б параіла прачытаць Максіма Шчура. Ён жыве ў эміграцыі ў Празе і таму не вельмі папулярны ў нашай краіне.

Пакаленне 80-ых, такзваныя «Тутэйшыя» мне вельмі блізкае і цікавае ў паэзіі і самае нерасчытанае. Адназначна сказаць, што мяне паўлывала нейкая беларуская аўтарка я не магу. Мне падабаецца паэзія Галіны Дубянецкай,Вольгі Гронскай, Таццяны Нядбай. Калі пачаць перабіраць, то разумееш – у нас вельмі шмат жанчын – моцных у паэзіі, і прычым з розных пакаленняў.

– Ці не адчуваеце сябе ў Рагачове адлучанай ад літаратурнага жыцця? Ці даводзілася Вам выступаць у родным горадзе?

– Я не сумую па літаратурных тусоўках. Наадварот, мне даволі цяжка на вялікіх фестывалях, калі шмат людзей, выступоўцаў. Мяне гэта стамляе. Але чыста па чалавечых стасунках з аднадумцамі я сумую. У Рагачове такіх людзей у мяне няма. Усе калегі, паплечнікі, сябры раскіданыя па іншых гарадах, таму даводзіцца шмат перапісвацца.

Увогуле, я вельмі люблю маленькія гарады, бо ў іх ёсць свой твар. У такіх месцах ёсць адчуванне, што ты з горадам можаш пабыць тэт-а-тэт.

Ужо ў сталіцы такога няма, там найбольш хаос ад усяго і ўсіх. Я, прынамсі, не адчуваю твару Менска. Напэўна, я прыпцыповы правінцыял. Таму і люблю вандраваць менавіта па мястэчках Беларусі.

У Рагачове мяне запрасілі выступаць толькі адзін раз. Гэта было мерапрыемства ў раённай бібліятэцы ў такім замкнёным фармаце. Там былі настаўнікі, журналісты раённай газеты – мясцовыя прадстаўнікі культуры. Я чытала вершы, распавядала пра сябе, адказвала на пытанні. Было цікава, але «не для людзей».

Што цікава – у гэтай бібліятэцы пра тое, што я пішу вершы, ведаюць. Там нават вісіць мой партрэт (смяецца).

– Паэзія не адзіная сфера Вашай дзейнасці. Таксама займаецеся і арганізацыяй канцэртаў. Гэта для Вас праца ці яшчэ адзін напрамак творчасці?

– Для мяне гэта і праца, і творчая дзейнасць – адначасова. Да арганізацыі канцэртаў я спрычынілася разам з Касяй Гузоўскай-Гарой, лідаркай гурта «Сон-трава», якая ўжо даволі даўно займаецца рознымі імпрэзамі.

Гэта мусіла быць асобнай часткай дзейнасці, але так ці іначай, калі робіш фэст ці канцэрт, укладаеш свае цікаўнасці таксама, прыцягваеш пэўную публіку, прасоўваеш нейкія ідэі, думкі.

У гэтай дзейнасці для мяне вельмі шмат асабістага. Немагчыма і нецікава быць проста сухім арганізатарам. Мы часта рабілі канцэрты музыкаў, якіх самі любім і слухаем. Да прыкладу, калі мы рабілі канцэрт дуэту «Агата», то гэта праз тое, што мы любім іх творчасць

. Тое самае тычыцца і фэста «Навошта», які мы ладзілі ўвесну – туды запрасілі музыкаў і паэтаў, якія нам былі цікавымі.

Пакуль нашая сумесная дзейнасць з Касяй трошку спынілася, бо абедзве зараз маем шмат клопатаў, але спадзяемся яшчэ ажыць і працягваць далей.

– Некаторыя з Вашых вершаў былі пакладзеныя на музыку. Як успрымаюцца ўласныя вершаваныя радкі, калі яны гучаць як песня?

– Вершы, якія сталі песнямі менавіта ў аўтарстве Касі Гузоўскай-Гары мне вельмі ва ўнісон. Канешне, калі мне на той час яшчэ зусім незнаёмая дзяўчына напісала, што хоча зрабіць песню на мой верш і прасіла на гэта дазволу, я паставілася да гэтага насцярожана.

Мне здавалася, што ўсёадно ўзнікне розначытальнасць – урэшце верш гэта верш. У мяне былі гэтыя спектычныя ноткі да таго часу як я пабачыла вынік. І калі я пачула песню на верш «Горадзе наш» – гэта было абсалютнае траплянне.

Кася выявілася вельмі блізкім мне па духу чалавекам. Яна ўжо паспела пакласці на музыку даволі шмат вершаў з розных маіх зборнікаў.

Мне пісалі і іншыя музыкі, што хочуць зрабіць з маіх вершаў песні, але Кася была першай, хто сапраўды запісаў і пранікся маёй творчасцю. Цяпер ужо думаем пра тое, каб выдаць такую падборку песен на мае вершы ў выкананні Касі – як асобны альбом.

– Што Вы параілі маладым аўтарам, якія толькі пачынаюць пісаць?

– Я б параіла не спяшацца ані з напісаннем вершаў, ані з выданнем кніг. Гэта такія рэчы над якімі трэба працаваць, як ювелір працуе. Паэзія мусіць быць філіграннай. Не трэба спяшацца, каб пра цябе даведаліся. Трэба даваць творам «адляжацца» і разумець, што творчаць – гэта толькі твае асабістыя стасункі з Богам, хоць гэта і пафасна гучыць.

Самае галоўнае – заўсёды быць гатовым бачыць, адчуваць: змены ў наваколлі, людзей навокал. Бачыць дрэва: як яно змянілася сёння, чаму яно не такое як учора. Заўважаць дробязі, дазволіць сабе перажываць усё напоўніцу і закрывацца ад жыцця. А іншых рэцэптаў і няма, бо навучыць пісаць немагчыма.

Гутарыла Ганна ДУСЬ. Фота аўтара

Паводле http://babruysk.by/

bottom of page