top of page

Як жывецца беларусу ў Беларусі?


“Беларус у Беларусі. “Эпісталярыі пра мову і маральнасць” – з такой назвай выйшла кніга-зборнік ліставанняў беларуса з рознымі інстанцыямі, па статусе беларускімі, але, па сваёй дзейнасці, пераважна антыбеларускімі. Размова ў кнізе ідзе пра камфортнасць ці дыскамфортнасць пражывання беларуса на сваёй зямлі…

Аўтар кнігі – Міхась Пятровіч Булавацкі, настаўнік матэматыкі, паэт і перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч, сябра ТБМ імя Скарыны. Да гэтага, акрамя падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, Міхась Булавацкі выдаў дзве кнігі перакладаў вершаў Уладзіміра Высоцкага – “Я не падману” у 1999 г. і “Пра жыццё, пра волю, пра сябе …” у мінулым годзе. У літаратурным конкурсе “Мая свабода”, што праводзіла радыё “Свабода”, яго эсэ “Ноч свабоды” заняло прызавое месца.

У кнізе “Беларус у Беларусі” аўтар сабраў перапіску за апошнія 10-15 гадоў з усялякімі інстанцыямі і на самыя розныя тэмы, датычныя выкарыстання роднай мовы, адукацыі на ёй і іншых падобных пытанняў. Кніга можа быць цікава не толькі, як эпісталярны помнік пэўнаму гістарычнаму перыяду, але і як дапаможнік для ўсіх тых, хто змагаецца за свае правы беларуса, за сваю мову, культуру і гісторыю.

На прэзентацыі, якая адбылася ў чацвер 12 кастрычніка ў магілёўскім грамадскім цэнтры “Кола”, сябры і калегі павіншавалі аўтара з юбілеем, бо 11 кастрычніка Міхась Пятровіч Булавацкі адзначыў сваё 70-годдзе. Арганізавалі імпрэзу гарадская суполка Таварыства беларускай мовы пры падтрымцы магілёўскага адзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Алесь САБАЛЕЎСКІ.

Фота і відэа аўтара

Паводле http://6tv.by/

bottom of page