Святліца збірае сяброў
Такімі словамі можна азначыць паэтычную сустрэчу-справаздачу магілёўскага моладзевага літаратурнага клуба “Святліца”.
Юныя паэты і паважаныя госці сабраліся 11 лістапада ў памяшканні бібліятэкі імя Пушкіна, каб паказаць свае новыя вершы, пашырыць кола знаёмстваў, прыцягнуць у свой творчы калектыў новых сябраў.
На паэтычнай сустрэчы свае вершы чыталі ўсе – ад мала да вяліка
Адна з самых юных удзельніц паэтычнага клубу “Святліца” –
Мілада Паўлава, вучаніца 37-й школы, побач –
яе старэйшая каляжанка Лізавета Дзеручэнка з ліцэю №3
Крысціна Башарымава – найбольш “сталы” сябар “Святліцы”,
яна студэнтка трэцяга курсу МДУ імя Куляшова
Звычайна гэткія вялікія імпрэзы – а сустрэча сабрала амаль пяцьдзясят чалавек – “Святліца” ладзіць двойчы на год. Сённяшняя падзея – гэта восеньская літаратурная справаздача, пад час якой падводзяцца вынікі ўсяго года, агучваюцца новыя планы. Увогуле, удзельнікі паэтычнага клубу цягам года праводзяць досыць шмат розных літаратурных сустрэч, паэтычных чытанняў і вечарын. У гэтым годзе адбылася прэзентацыя чарговага нумару клубнага літаратурнага альманаха “Святло Святліцы”, праходзілі “паэтычныя батлы” і іншыя імпрэзы. Пры актыўным удзеле сябраў клубу нават быў запачаткаваны новы паэтычны конкурс-фестываль “Сакавіцкі грак”.
Падчас сустрэчы гучалі вершы як удзельнікаў, так і гасцей “Святліцы”, некаторыя з юных паэтаў нават прызналіся, што ўпершыню агучылі нешта са сваіх твораў перад шырокай аўдыторыяй. Не абмінулі цёплымі словамі пажаданняў поспехаў юнакам і дзяўчатам са “Святліцы” і ганаровыя госці імпрэзы. Перад маладымі талентамі выступілі Эдуард Іосіфавіч Мядзведскі – паэт, журналіст, рэдактар, выдавец шматлікіх паэтычных зборнікаў, Надзея Далецкая – паэтка, сябра Саюзу пісьменнікаў Расіі, Мікола Яцкоў – беларускі паэт, публіцыст, кампазітар-песеннік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Спадар Яцкоў яшчэ і падараваў бібліятэцы некалькі выданняў СПБ, у тым ліку і апошні альманах магілёўскіх літаратараў “Брама”.
Свае вершы пачытаў Эдуард Іосіфавіч Мядзведскі –
вядомы магілёўскі паэт, журналіст
Надзея Далецкая – сябра Саюза пісьменнікаў Расіі
Мікола Яцкоў – старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення
Саюза беларускіх пісьменнікаў
Ад імя Саюза пісьменнікаў Мікола Яцкоў
падарыў бібліятэцы некалькі выданняў кніг і часопісаў,
у тым ліку і апошні альманах магілёўскіх літаратараў “Брама”
Тамара Аўсяннікава – кіраўнік “Святліцы”,
літаратар і літаратуразнаўца, публіцыст і педагог
На сённяшні дзень удзельнікамі “Святліцы” з’яўляюцца шаснаццаць чалавек, пры чым вельмі рознага ўзросту – ад трэццекласніка да студэнта выпускнога курса Магілёўскага ўніверсітэту. Кіруе клубам ад самага заснавання, а існуе ён ужо шосты год, і вучыць маладых паэтаў вершаскладанню Тамара Аўсяннікава, магілёўскі літаратар і літаратуразнаўца.
Усяго за час існавання “Святліцы” праз клуб прайшло і “асвятлілася” новымі паэтычнымі ведамі больш за пяцьдзясят літаратараў-пачаткоўцаў. Прыйсці ў клуб можа любы, хто толькі пачынае свой творчы шлях, хто адчувае ў сабе літаратурны талент і марыць яго развіваць і ўдасканальваць. Кожны тут атрымае падтрымку і дапамогу, знойдзе прыхільнікаў і крытыкаў, а гэта вельмі істотна для любога, нават самага дасведчанага паэта ці пісьменніка.
Клуб “Святліца” дзейнічае пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Агат” аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва. Акрамя штогадовага альманаха “Святло Святліцы”, вершы і артыкулы ўдзельнікаў клуба стала друкуюцца ў рэгіянальных і рэспубліканскіх газетах і часопісах. Было выдадзена і некалькі асобных аўтарскіх зборнікаў твораў некаторых з удзельнікаў літаратурнага аб’яднання.
Алесь Сабалеўскі.
Фота аўтара
Паводле http://6tv.by/