top of page

Уведалі нашых: у Мінску сустрэліся літаратары з усіх рэгіёнаў Беларусі

3 дек. 2017 г.
2 мин. чтения

23 лістапада, пад дэвізам "Ведай нашых", у мінскім Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя абласных альманахаў Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У будучым годзе – невялікі юбілей, менавіта ў 2008-м выйшаў першы абласны альманах Саюза беларускіх пісьменнікаў, а менавіта выданне яго Брэсцкай абласной філіі “Жырандоля”. Аўтарам ідэі і ўкладальніцай яго з’яўлялася паэтка Ніна Мацяш, тагачасная старшыня абласнога аддзялення СБП. З цягам часу ўласныя літаратурныя альманахі займелі ўсе абласныя філіі арганізацыі. У Гродне з’явіўся “Новы замак”, у Гомелі – “Палац”, Магілёве – “Брама”, Віцебску – “Ратуша”.

З вітальным словам выступае старшыня СБП Барыс Пятровіч

Кожны з альманахаў ёсць своеасаблівай анталогіяй літаратурнага жыцця ў рэгіёне і ўключае творы як сяброў Саюза, так і маладых літаратараў, а таксама мясцовых эсэістаў і публіцыстаў, якія маюць не такую і частую магчымасць надрукаваць аб’ёмныя творы ці крытычныя даследаванні ў новым выпуску рэгіянальнага выдання.

  • Т.Барысік і М.Булавацкі
  • Я.Клімуць і М.Яцкоў
  • Т.Барысік
  • С.Украінка і Т.Барысік

У такім прадстаўнічым складзе, зборы ўсіх пяці абласных рэдакцый, літаратары сабраліся ў Мінску ўпершыню. Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, вітаючы прэзентацыю, у сваім уступным слове якраз і адзначыў ўнікальнасць гэтай падзеі. Літаратурнае жыццё Беларусі найбольш актыўна бруіць у сталіцы і рэдка перакрочвае межы МКАДа. Тым часам за кальцавой жывуць многія дзясяткі адораных творцаў, вельмі часта абдзеленых увагай мінскай грамады.

  • Выступае У.Арлоў
  • Уладзімір Арлоў

Адмысловую прэамбулу да прэзентацыю зрабіў найвядомейшы пасля Скарыны палачанін Уладзімір Арлоў. Ён распавёў гісторыю наваполацкага і мінскага самвыдату, у тым ліку - пра полацкія выданні "Блакітны ліхтар" з накладам у 1 асобнік, "Мілавіца" -- 3 асобнікі, "Ксэракс беларускі" - 100 асобнікаў. Падшыўка першага выдання цалкам была сканфіскаваная органамі дзяржбяспекі, а вось унікальны асобнік "Мілавіцы" быў ці не ўпершыню прадэманстраваны грамадскасці. Напрыканцы свайго выступу Уладзімір Арлоў усцешыўся нашмат лепшымі варункамі працы сённяшніх літаратараў у рэгіёнах. Бо ўсё-такі адна-экзэмплярныя выданні засталіся ў мінулым.

  • Таццяна Барысік
  • Міхась Булавацкі
  • Яраслаў Клімуць
  • Анатоль Санаценка
  • Сяргей Украінка
  • Мікола Яцкоў

Далей вечарына прадставіла пяць міні-прэзентацый літаратурных рэгіёнаў Беларусі. Сярод выступоўцаў былі - Мікола Аляхновіч, Марыя Баравік, Анатоль Бароўскі, Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі,Юрка Голуб, Валянцін Дубатоўка, Алесь Замкоўскі, Яраслаў Клімуць, Настасся Лазебная,Ала Петрушкевіч, Аляксей Пяткевіч, Анатоль Санаценка, Сяргей Украінка, Мікола Яцкоў і многія іншыя.

Завершыў імпрэзу музычны выступ барда Алеся Камоцкага.

Дзякуй за фотаздымкі

цудоўнай Надзеі Бацілавай!

Віталь і Дзяніс Васільковы

Асабістая падзяка ад магілёўскіх літаратараў

нашаму вялікаму сябру Віталю Васількову

за дапамогу ў арганізацыі вандроўкі!

Паводле http://lit-bel.org/

Комментарии


  • White Vkontakte Icon
  • White Instagram Icon

© 2017. Магілёўскае абласное аддзяленне ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Сайт створаны на Wix.com

Мы на сувязі

Паштовы адрас

а/я 43 

212030  г.Магілёў, Беларусь

bottom of page