Ці шкодзіць таленту правінцыя?
17 лістапада ў галерэі TUT.BY стартаваў трохдзённы літаратурны фестываль "Знак роўнасці", арганізаваны ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і прысвечаны сацыякультурнай і гендарнай праблематыцы.
У праграме -- выступы беларускіх аўтараў і замежных гасцей з Польшчы, Швецыі, Нарвегіі, лекцыі, дыскусіі на актуальныя тэмы, а таксама чытанні паэтычных і празаічных твораў.
Старшыня СБП Барыс Пятровіч адкрывае фестываль
18 лістапада падчас адной з дыскусій фестывалю “Беларускія пісьменнікі ў рэгіёнах: ці шкодзіць таленту правінцыя?” аўтаркі Таццяна Барысік (Магілёў) і Таня Скарынкіна (Смаргонь), а таксама паэт Анатоль Брусевіч (Горадня) расказалі пра сваё жыццё і творчасць у рэгіёнах, а таксама паспрабавалі высветліць, ці ўплывае адрас прапіскі на якасць твораў. Мадэравала дыскусію пісьменніца Алена Брава (Барысаў).
Прапануем вашай увазе выказванні магілёўскай пісьменніцы Таццяны БАРЫСІК.
Родныя мясціны і родныя прататыпы твораў
Палову жыцця я правяла ў Бабруйскім раёне, даглядаючы бабулю з дзядулем. Па размеркаванні трапіла ў той жа раён, у вёску, якая мела гістарычную назву Дурынічы. Што тычыцца Магілёва – не ведаю, ці можна назваць яго правінцыяй. Гэта абласны горад, літаратурнае жыццё ў ім ёсць, проста яно адасобленае. Паводле прымаўкі, паветра горада робіць вольным – так і засталося: у Мінску, Магілёве, калі камусьці перайшоў дарогу, з гэтым можна змірыцца, змяніць працу. А вось у маленькім мястэчку ў такім выпадку ні табе, ні тваім сваякам не будзе месца – ні на працы, ні па-за працай. Творчасці гэта нават часам дапамагае: назіраць нічога не трэба – жыццё грукаецца ў дзверы, табе распавядуць нават тое, што, можа, ты і не хочаш чуць.
Мае героі мелі рэальных прататыпаў. Вядома, нельга атаясамліваць наўпрост рэальнага чалавека з героем кнігі, але розніцу паміж мастацкім творам і дакументальным не кожны разумее, усё роўна скажуць: “Вось, пра мяне напісаў”. Але, што дзіўна, у некаторых людзей, якія мне прататыпамі паслужылі, лёсы склаліся так, як я напісала ў кнізе. Я не прарок, але тут настолькі мала варыянтаў, што няцяжка здагадацца, як усё адбудзецца.
Але, канечне, правінцыя розная. Тут нельга глядзець – захад, усход. Усё залежыць ад канкрэтнага горада, мястэчка, якія там людзі і які сам творца.
Праблема літаратурнага асяродку
Культурніцкі асяродак у Магілёве добры. Тут моцная рэгіянальная філія СБП, моцная і арганізацыя ТБМ. Мы падтрымліваем адно аднаго, сябруем, на мерапрыемствы шмат людзей збіраецца. Але любая з’ява мае два бакі. Так, у правінцыі чалавек мусіць быць грамадскім дзеячам: даносіць да чытачоў свае творы, асветніцкую работу праводзіць, і аднаму такую работу зладзіць цяжка. З іншага боку, калі залішне займацца, то і пісаць
асабліва няма калі. Але больш, канечне, замінае сацыяльна-палітычная сітуацыя, чым факт пражывання ў правінцыі. Гадоў дваццаць таму, адпрацаваўшы размеркаванне ў Бабруйску, я не хацела вяртацца ў Магілёў. Рэдактар раённай газеты быў вельмі цікавы чалавек, друкаваў матэрыялы на такія тэмы, якіх сучасныя медыі баяцца, ладзіў выступы па санаторыях, школах: нас пазнавалі на вуліцах. Цяпер там ужо няма таго, што было, бо змяніўся час, але не таму, што Бабруйск – правінцыя.
Выданне кнігі ў сталіцы
Я вельмі удзячная Саюзу беларускіх пісьменнікаў за прапанову выдаць кнігу (“Жанчына і леапард”). У мяне было багата тэкстаў, але ў той час хапала праблемаў у жыцці. Калі паабяцалі – не паверыла, таму вельмі здзівілася, што ўсё атрымалася.
Інтэрнэт у жыцці пісьменніц і пісьменнікаў з рэгіёнаў
Збольшага дапамагае. Можна даведацца навіны, пра літаратурныя навінкі і г.д., бо магчымасці бываць у Мінску не маю – у мяне сталая праца, дзіця. Творы ў выданні зручна дасылаць па інтэрнэце. Наконт чытання – аддаю перавагу папяровай кнізе, шкадую вочы. Людзі не прызнаюцца, але большасць сядзіць у фэйсбуку на працоўным месцы – лайкі, коцікі. Мне, калі адпрацую
фізічна дванаццаць гадзін змены на вытворчасці па ачыстцы сцёкавых водаў і калі яшчэ дзіцяці трэба ежу прыгатаваць, ужо нецікава чытаць, як каго хто абазваў. Пісаць інтэрнэт-дзеннікі я не аматар – не ўсё, што адбываецца ў маім жыцці, настолькі цікава. А часам жа ў фэйсбуку – як раней бабулі сядзелі на лаўках: куды ідзеш, што як, нага баліць, плечы баляць, каго ты бачыла – тую бачыла, цяпер не хачу. Правінцыя, не правінцыя, усе адтуль – людзі не мяняюцца.
“Пісьменнік піша ў вольны ад асноўнай працы час”: адносіны з сям’ёй, больш кансерватыўным соцыумам
Я жыву з дачкой, таму мяне няма каму дыскрымінаваць. Бацькі, блізкія, сваякі – мне пашэнціла: яны мною ганарацца, падтрымліваюць. А калі задаюць пытанне, чаму мая справа грошай не прыносіць, лічу, трэба пытацца ў адказ: а каму трэба вашае лецішча, якое вы будуеце пятнаццаць гадоў, а яно выглядае як будан? Няўжо пісьменніцкая праца горшая? Кожны чалавек мае нейкае пакліканне, і чамусьці рыбакоў і вышывальшчыц, якія шалёныя грошы выдаткоўваюць на кручкі і вышывальныя наборы, ніхто не асуджае. У мяне іншая праблема: я пазменна працую. Збіты графік жыцця: можна рабіць адну справу, калі стомлены, але гэта ўздзейнічае на псіхіку. Не паспаўшы ноч, нічога не напішаш. Можна памыць падлогу, нешта зварыць, але разумовай працай нельга займацца. Ну, а калі пісьменніцтва – не жаночая справа, тады такое пытанне: а шафу на сябе цягаць, насосы ўключаць, па зменах працаваць – гэта жаночая?
Не правінцыя, але адметнасць
Правінцыя – гэта не адкінутасць. Гэта сінонім слова “адметнасць”. Задача чалавека, які жыве па-за Мінскам, – не забывацца на свой рэгіён, ужываць дыялектыня словы, якія ўжо знікаюць разам са старымі жыхарамі.
Таццяна Барысік – пісьменніца, нарадзілася ў 1977 годзе ў Магілёве, выхаванка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1999). Працавала ў школах Бабруйскага і Магілёўскага раёнаў. Цяпер жыве і працуе ў Магілёве. Аўтарка самвыдатаўскага зборніка паэзіі “Гаркну ў бліскучы мацюгальнік”, зборніка апавяданняў “Жанчына і леапард”. Лаўрэатка 2-й прэміі Ежы Гедройца (2015 год).
Больш падрабязна з абмеркаваннем “Беларускія пісьменнікі ў рэгіёнах: ці шкодзіць таленту правінцыя?”можна пазнаёміцца ТУТ.
Паводле http://budzma.by/news/