top of page

Як настаўнік матэматыкі перакладае Высоцкага і змагаецца за беларускую мову


27 лістапада ў Гродне свае кнігі прэзентаваў Міхась Булавацкі, вядомы магілёўскі настаўнік матэматыкі, журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Першую з іх “Пра жыццё, пра волю, пра сябе…” складаюць 45 перакладзеных вершаў Уладзіміра Высоцкага. Яе Міхась Булавацкі рыхтаваў 15 гадоў: “Высоцкі – фігура даволі прыкметная ў Савецкім Саюзе. Пісаў песні пра свабоду, жывучы ў краіне несвабоды”. Менавіта з перакладаў твораў Высоцкага пачаўся шлях Міхася Булавацкага да беларускай мовы яшчэ ў часы Перабудовы: “Неяк слухаў песні Высоцкага, і некалькі радкоў вельмі добра ляглі на беларускую мову. Я падумаў, як бы ўзяць увесь твор і перакласці яго. І я зрабіў гэта… Мне спадабалася тое, што атрымалася, і захацелася перакладаць яшчэ і яшчэ. І я пачаў Высоцкага перакладаць”.

Наконт асобы Уладзіміра Высоцкага перакладчык зазначае: “Можа, у чалавека пачынала прачынацца ўсвядомленасць віны за сваю краіну. За тую самую Прагу, за той самы Будапешт… Гаворка пра тое, што з таго самага Сацыялістычнага лагеру краіны імкнуліся вырвацца. Спрабавала вырвацца Венгрыя – задушылі гэтую спробу. Спрабавала вырвацца Чэхаславакія – задушылі і гэтую спробу… Дзве інстанцыі змагаліся за яго. Міліцыя была супраць, КДБ – за… Канцэртаў ён даваў шмат. Арганізатараў некаторых гэтых канцэртаў садзілі і пасадзілі. Але такіх выпадкаў было тры-чатыры. Яго абараняла КДБ. І прычыны гэтага мы да канца не ведаем. Ёсць спробы патлумачыць гэтае. Напрыклад, Андропаў сам пісаў вершы і мог адрозніць дрэнныя вершы ад добрых і таму цаніў Высоцкага як вершатворцу. Але прычына далёка не ў гэтым. Мне здаецца, што нейкую рацыю маюць Крыжаносцаў і Раззакаў, якія выдалі скандальную кнігу “Высоцкі – супергерой КДБ”. Нейкая частка праўды ў гэтым ёсць”.

У сваёй кнізе Міхась Булавацкі падкрэслівае: “Перакладаць Высоцкага няпроста. Яго паэзія багатая на яркія вобразы, метафары, шматслойнасць радкоў і сказаў, да таго ж укладзеная ў вельмі выразныя і прыгожа аздобленыя формы з філіграннна падабранымі рыфмамі і імклівай, дынамічна зменнай рытмікай. Перанесці ўсё гэта ў іншую мову, нават вельмі блізкую, без страт немагчыма. І калі ўзнікала праблема – захаваць аўтарскае, ахвяраваўшы пэўнымі нормамі роднай мовы, ці крыху змяніць аўтара, каб радкі прыгожа ўклаліся ў родную мову, — перакладчык не заўсёды прымаў рашэнне на карысць мовы. Спадзяюся, чытач не часта будзе спатыкацца на такіх мясцінах”.

Другой кнігай Міхася Булавацкага з’яўляецца “Беларус у Беларусі” – гэта сапраўдны практычны даведнік. У ёй змешчана ліставанне з прадстаўнікамі ўлады па праблемах прыгнёту беларускай мовы.

Сёння Міхась Булавацкі — адзін з найбольш запатрабаваных рэпетытараў Магілёва, свае заняткі вядзе на роднай мове. Заснавальнік “Беларускага пяціборства” — спаборніцтва для школьнікаў на якасць іх агульнай адукацыі, дзе правяраюцца веды па гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і мове, матэматыцы і прыродазнаўстве.

  • White Vkontakte Icon
  • White Instagram Icon

© 2017. Магілёўскае абласное аддзяленне ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Сайт створаны на Wix.com

Мы на сувязі

Паштовы адрас

а/я 43 

212030  г.Магілёў, Беларусь

bottom of page