top of page

Імпрэза да 100-годдзя Народнага пісьменніка Янкі Брыля


21 лістапада 2017 магілёўская суполка ТБМ разам з гарадской бібліятэкай зладзілі імпрэзу да 100-годдзя Народнага пісьменніка Янкі Брыля.

На сустрэчу быў запрошаны вядомы беларускі гісторык і літаратуразнаўца, публіцыст і літаратурны крытык Анатоль Сідарэвіч, які ў свой час добра ведаў Янку Брыля і шмат іншых беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў. Магілёўцы паслухалі вельмі змястоўны расповед ад жывога сведкі ўсялякіх гістарычных падзеяў, ды яшчэ такога харызматычнага і дасведчанага, як спадар Анатоль.

Анатоль Сідарэвіч – гісторык і літаратуразнаўца, публіцыст і літаратурны крытык. З 1981 працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», у 1987—1992 у часопісе «Крыніца» («Родник»). Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі, заснавальнікаў і аўтараў праграмных дакумэнтаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай грамады). Аўтар навуковых прац і шматлікіх артыкулаў.

Янка Брыль (Іван Антонавіч Брыль) нарадзіўся 4 жніўня 1917 ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка. У 1922 разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загор’е (Польшча, цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць). У 1939 быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку II Cусветнай вайны, у верасні таго ж года, трапіў у нямецкі палон, з якога ў 1941 годзе ўцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызан.

У розныя гады Янка Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Першая кніга Янкі Брыля пад назвай «Апавяданні» выйшла ў 1946 годзе, у яе ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям’і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі.

Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці» (зборнік «Надпіс на зрубе»,1958). У пачатку 1960-х з’явіўся ў друку вядомы раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэты, адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка, быў прынцыпова новым словам у жанры рамана. Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…» (1975) — жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Уся творчасць Янкі Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.

Яму належаць такія мудрыя словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

Памёр Народны пісьменнік 25 ліпеня 2006 года.

Падрабязнасці сустрэчы – у нашым відэарэпартажы.

Алесь САБАЛЕЎСКІ.

Фота і відэа аўтара.

Паводле http://6tv.by/

bottom of page