Алесь ГРУДЗІНА: "Так здарылася ў маім жыцці..."
Так здарылася ў маім жыцці, што знаёмства з жыццёвым шляхам і творчасцю таленавітага паэта Максіма Багдановіча найбольш абудзіла ў мяне цікавасць да беларушчыны.
Аднойчы, калі з сям’ёй адпачываў на моры каля Ялты, вырашыў наведаць магілу Максіма Багдановіча. У мясцовым музеі мне падрабязна расказалі, дзе і як знайсці ягоную магілу. І я адправіўся ў дарогу. Быў надта спякотны дзень. Я спадзяваўся хутка знайсці надмагільны помнік паэта. Але колькі ні шукаў, усё было марным. Пасля некалькіх гадзінаў блуканняў вярнуўся да месца адпачынку.
З таго часу ў душы жыве адчуванне нейкай нялоўкасці і спагады перад памяццю паэта. Таму невыпадкова з такой нагоды напісаўся верш:
Прабач, паэт, што не знайшоў
Апошні твой зямны прытулак.
А дзень спякотны той прайшоў ‐
І я вярнуўся ў свай завулак.
Але ўспоўніў неяк зноў
Вандроўку шчырую да мора,
Як марна блукаў ды ішоў
Сцяжынкай вузкай сумна ў гору.
А думкі паляцелі кругам,
Нібыта чайкі пачалі крычаць,
Натхненне залунала над акругай ‐
І верш лірычны стаў гучаць
Відаць, над морам муза пралятала,
Або Максімава душа,
Сярдэчна ў вочы заглядала,
Ад мору сіняга ішла.
Душа паэта зноўку клічыць,
Шукае суразмоўцу ды баліць,
У Ялту завітаўшых беларусаў лічыць,
Як і раней – палае і гарыць.
Алесь ГРУДЗІНА.
Шклоў, 2011 г.
==================================================
Аляксандр (Алесь) Грудзіна - вядомы краязнаўца, гісторык, літаратар. Жыве ў г.Шклоў Магілёўскай вобласці.
=============================================